- Каталіцкі Веснік - https://catholicnews.by -

Швейцарыя: «ІT-Езус» у канфесіяналах заахвочвае задумацца аб межах выкарыстання тэхналогій у рэлігіі

[1]Адзін з касцёлаў у Швейцарыі прадставіў «эксперыментальную мастацкую інсталяцыю» у канфесіянале. Яна прапануе людзям узаемадзеянне з праграмай штучнага інтэлекту, якая імітуе Хрыста. Інсталяцыю пад назвай «Deus in Machina» («Бог у машыне») размясцілі ў найстарэйшым каталіцкім касцёле горада Люцэрн у жніўні мінулага года — напярэдадні стагоддзя парафіі, паведамляе the Pillar.

У адпаведнасці з сайтам парафіі, праграму задумалі Філіп Гасльбаўэр і Алёша Смоліч, супрацоўнікі Цэнтра іммерсіўных рэальнасцяў Вышэйшай школы Люцерна і Марко Шмід, пастаянны тэолаг парафіі.

Інсталяцыя ўяўляе сабой галаграму Езуса Хрыста, усталяваную ў адным з канфесіяналаў, з якой можа ўзаемадзейнічаць кожны жадаючы. Згодна з паведамленнем відавочца, галаграма вітаецца з наведвальнікамі словамі «Мір табі, брат!», незалежна ад іх полу, і падахвочвае іх абмяркоўваць «усё, што турбуе ваша сэрца сёння». Па словах распрацоўшчыкаў, праграма заахвочвае людзей «крытычна задумацца аб межах выкарыстання тэхналогій у кантэксце рэлігіі».

Яны таксама падкрэслілі, што размяшчэнне інсталяцыі ў канфесіянале было практычным рашэннем, закліканым заахвоціць да большай блізкасці паміж чалавекам і галаграмай, але каталікі не павінны спрабаваць выкарыстоўваць яе ў якасці замены сакраманту пакаяння.

Па словах Шміда, праграму ІТ «навучылі» Святому Пісанню і тэалагічным тэкстам, узятым з інтэрнэту, але пакідаючы адкрытую магчымасць прапанаваць біблейскія тлумачэнні альбо духоўныя парады, якія супярэчаць вучэнню Касцёла.

«Але ва ўсіх папярэдніх тэстах адказы ІТ супадалі з тэалагічнымі поглядамі Касцёла», — сказаў ён. У парафіі таксама дзяжурыць спецыяльны персанал, гатовы пагутарыць з наведвальнікамі, калі яны хочуць больш чалавечага ўзаемадзеяння або выказаць сваё меркаванне аб інсталяцыі. Шмід кажа, што яго не турбуюць паведамленні пра тое, што ІТ дае «банальныя», «штампаваныя» адказы на духоўныя пытанні, якія нагадваюць «матывацыйны каляндар».

«Я рады, што аватар у пэўнай ступені выглядае як тэхнічны аб’ект, — заявіў ён, падкрэсліўшы, што галаграма не прызначаная для замены рэальных чалавечых зносін. Адказы, якія ён дае, таксама цікавыя. Таму, калі гаворка ідзе пра ІТ у рэлігійным кантэксце, тут ёсць пра што пагаварыць»» Хоць інсталяцыя, здаецца, выклікала цікавасць у парафіі, рашэнне выкарыстоўваць ІТ для імітацыі Хрыста, нават без прэтэнзій зрабіць яго падобным на сапраўднага чалавека, не кажучы ўжо пра боскасць, можа выклікаць некаторыя спрэчкі.

Паводле credo.pro [2]
пераклад Марыны Ткач