[1]8 жніўня 2023 года ў Ватыкане была апублікавана тэма 57-га Сусветнага дня міру, які будзе адзначацца 1 студзеня 2024 года. Штучны інтэлект і мір – так будзе гучаць тэма папскага паслання з нагоды гэтай урачыстасці.
Выдатныя дасягненні ў галіне штучнага інтэлекту аказваюць усё больш глыбокі ўплыў на чалавечую дзейнасць, асабістае і грамадскае жыццё чалавека, палітыку і эканоміку, — гаворыцца ў паведамленні Дыкастэрыі па служэнні інтэгральнаму развіццю чалавека.
Папа Францішак заклікае да адкрытага дыялогу аб значэнні гэтых новых тэхналогій, надзеленых разбуральным патэнцыялам. Ён жадае нагадаць пра неабходнасць “быць пільнымі і працаваць над тым, каб пры вытворчасці і выкарыстанні такіх прылад не ўкаранілася логіка гвалту і дыскрымінацыі ў адносінах да найбольш уразлівых і абяздоленых”, таму што “несправядлівасць і няроўнасць падсілкоўваюць канфлікты і антаганізмы”. “Настойлівая неабходнасць адказнага падыходу да канцэпцыі і выкарыстання штучнага інтэлекту, з тым каб ён мог служыць чалавецтву і абароне нашага агульнага дома, патрабуе распаўсюджвання этычных разважанняў на сферу адукацыі і права”, — гаворыцца ў паведамленні.
Абарона годнасці чалавека і клопат пра братэрскія адносіны ўсёй чалавечай сям’і з’яўляюцца неабходнымі ўмовамі для тэхналагічнага развіцця, якое б спрыяла сцвярджэнню справядлівасці і міру ва ўсім свеце, — гаворыцца ў камюніке.
Марыя Валодзіна, беларуская рэдакцыя [2] Vatican News