[1]Фаціма, адно з найважнейшых месцаў паломніцтва ў свеце, апынулася ў эпіцэнтры катастрофы. Вецер, які дасягаў хуткасці 140 км/г, нанёс значную шкоду санктуарыю Маці Божай Ружанцовай.
Шторм «Крысцін», які працягваецца над Партугаліяй, у сераду 28 студзеня 2026 года нанёс значную шкоду санктуарыю Маці Божай Ружанцовай у Фаціме, паведаміў у сваёй заяве рэктарат гэтай марыйнай святыні. Сярод пашкоджаных моцным ветрам, хуткасць якога дасягала 140 км/г, была галоўная плошча паміж фацімскімі базілікамі Святога Ружанцова і Найсвяцейшай Тройцы.
Шторм зламаў і вырваў з коранем шматвяковыя дрэвы, размешчаныя каля капліцы Аб’яўленняў, месца, якое найбольш часта наведваюць пілігрымы, якія прыбываюць у Фаціму. Таксама былі пашкоджаны элементы інфраструктуры санктуарыя. Рэктарат таксама паведаміў, што дзясяткі дрэў былі паламаныя ў вёсцы Валіньюш, за 2 км ад святыні, дзе знаходзяцца дамы трох дзяцей, якія ўдзельнічалі ў аб’яўленнях Марыі ў 1917 годзе.
Тэрыторыя дыяцэзіі Лейрыя-Фаціма была адной з найбольш пацярпелых ад шторму «Крысцін», які абрынуўся на Партугалію ў ноч з аўторка на сераду. Прынамсі пяць чалавек загінулі і больш за дзясятак атрымалі раненні. Службы хуткай дапамогі адрэагавалі на больш чым 3000 выклікаў па ўсёй краіне. Чатыры з пяці загінулых былі жыхарамі дыяцэзіі Лейрыя-Фаціма.
З-за шматлікіх паваленых галін і дрэў, а таксама паводкі, у сераду ў Партугаліі было немагчыма праехаць больш за 250 дарог, у тым ліку дзве аўтамагістралі. Адна з гэтых дарог вядзе да святыні. Рэгіён Фаціма, асабліва муніцыпалітэт Лейрыя на захадзе краіны, моцна пацярпеў ад ураганнага ветру. Мясцовыя ўлады заклікалі жыхароў заставацца дома з-за шырокамаштабных паводак і цяжкасцей навігацыі па гарадскіх вуліцах, заблакаваных паваленымі дрэвамі.
Шторм «Крысцін» выклікаў шматлікія адключэнні электраэнергіі ў Партугаліі. Па стане на раніцу серады больш за 900 000 хатніх гаспадарак па ўсёй краіне засталіся без электрычнасці.
Паводле Stacja7 [2]