“Што значыць – споведзь за ўсё сваё жыццё?” Эліна
На пытанне адказвае а. Аркадзь Куляха OCD, Міждыяцэзіяльная вышэйшая духоўная семінарыя імя святога Тамаша Аквінскага ў Пінску.
– Мэтай і вынікам кожнай сапраўднай споведзі з’яўляецца паяднанне чалавека з Богам і супольнасцю, выпраўленне свайго жыцця, а таксама аднаўленне праўдзівага вобразу Бога ў сабе. Праз споведзь грэшнік паводзіць сябе як умілаванае Божае дзіця.
Кожная першая споведзь чалавека ахоплівае ўсё папярэдняе жыццё. У выпадку дзіцяці, каторае прыступае першы раз да споведзі, перыяд, за які вызнае грахі, даволі невялікі. Здараецца і так, што ўжо сталы чалавек, ахрышчаны ў дзяцінстве, доўга не ўдзельнічаў у рэлігійным жыцці, а пазней, натхнёны ласкай Бога, навярнуўся і вырашыў прыступіць да споведзі за ўсё жыццё. У гэтым выпадку споведзь ахоплівае сапраўды доўгі перыяд. У каталіцкіх часопісах можна час ад часу прачытаць вельмі прыгожыя сведчанні тых, хто паяднаўся з Богам і Касцёлам пасля доўгіх гадоў. Яны падобныя да святога Аўгусціна, які, пасля навяртання ўжо ў сталым узросце, напісаў: “Ты, Пане, добры і міласэрны. Ты сягнуў да самых глыбінь маёй душы. Адтуль, з глыбіні майго сэрца, Ты дастаў і далёка адкінуў неабсяжнасць сапсаванасці… Дзе ж была мая свабодная воля на працягу столькіх гадоў? Якім прыемным нечакана стала для мяне быць свабодным ад дурных задавальненняў!” (Святы Аўгусцін, Споведзь, IX, 1).
У Каталіцкім Касцёле практыкуецца таксама генеральная споведзь, якая ахоплівае ўсё жыццё або нейкі яго перыяд. Такая споведзь з усяго жыцця дапамагае чалавеку глыбей спазнаць Божую любоў, больш пазнаць сябе, сваю слабасць і грэшнасць, вядзе да большай пакоры і выклікае агіду да грахоў, шчырае жаданне выправіцца за грахі мінулага. Генеральная споведзь адрозніваецца ад споведзі за доўгі перыяд тым, што чалавек і да гэтага спавядаўся рэгулярна (напрыклад, 20 гадоў), а занядбаў справу паяднання.
Такая духоўная добраахвотная практыка вядомая з даўніх часоў. Напрыклад, святы Тамаш з Аквіна лічыў яе вельмі карыснай для душы чалавека. У XIV стагоддзі папа Бэнэдыкт XI пахваліў генеральную споведзь і дазволіў яе ва ўсім Касцёле. Святы Вінцэнт дэ Поль, вялікі апякун убогіх, спавядаючы людзей, якія былі на парозе смерці, заўважыў, што генеральная споведзь дае ім магчымасць адкрыць тое, чаго не ўсведамлялі на працягу ўсяго жыцця.
Асаблівую ролю ў распаўсюджванні генеральнай споведзі адыграў святы Ігнацый Лаёла. Святы рэкамендуе такую споведзь напрыканцы першага тыдня духоўных практыкаванняў (даўжэйшых рэкалекцый, якія ад імя іх стваральніка называюцца ігнацыянскімі). Заснавальнік ордэна езуітаў у 44 пункце “Духоўных практыкаванняў” піша пра карысць генеральнай споведзі:
- Вернік узбуджае большы жаль, бо ахоплівае грахі і няправеднасць усяго жыцця.
- Рыхтуючыся да генеральнай споведзі, вернік лепш пазнае стан сваёй душы, брыдоту грахоў, што ў сваю чаргу вядзе да болю па іх прычыне і павялічвае заслугу.
- Вернік лепш рыхтуецца да прыняцця Найсвяцейшага Сакраманту, які дапамагае яму не ўпасці ў грэх, але і ўзрастаць у ласцы.
Генеральная споведзь неабходная, калі хтосьці раней спавядаўся няшчыра ці без выканання ўсіх умоў. Можна прыступіць да генеральнай споведзі таксама з нагоды вельмі важнай жыццёвай падзеі (напрыклад, манаскія абяцанні, сакрамант пасвячэнняў, юбілей). Неабходна памятаць, што папярэднія грахі ўжо прабачаны Богам, а іх паўторнае вызнанне дапамагае ўбачыць веліч Божай міласэрнасці, якая праявілася ў жыцці верніка. Падрыхтоўка да генеральнай споведзі такая ж, як і да звычайнай, толькі прадугледжвае большы адрэзак часу.
для друку