“Хвала Хрысту! Хацелася б даведацца, колькi Святых Iмшаў можа цэлебраваць святар у нядзелю і ў буднія дні? Таксама прашу растлумачыць, што такое “бiнацыя” і “трынацыя”? Андрэй
На пытанне адказвае а. Аляксандр Махнач SP:
– Хвала навекі! Дзякую Вам, Андрэй, за пытанні!
Прэзбітар (святар) можа цэлебраваць Эўхарыстыю толькі раз на працягу дня. Касцельнае Права дапускае выключэнні адносна гэтага правіла. Кодэкс з 1983 г., кіруючыся правілам, што прэзбітар не можа цэлебраваць Эўхарыстыю больш як раз у дзень, кажа пра выпадкі, калі дазваляецца некалькі разоў цэлебраваць або канцэлебраваць (к. 905 § 1-2).
Папа Павел VI у “Motu proprio Pastorale munus” ад 30. 11. 1963 г. (AAS 56 (1964), с. 5-12) дазволіў рэзідэнцыяльным біскупам, апостальскім вікарыям, сталым апостальскім душпастырам, а таксама прэлатам і абатам удзяляць дазвол святарам, калі іх недастатковая колькасць, а ёсць такая патрэба, – каб маглі двойчы цэлебраваць св. Імшу ў буднія дні, а таксама, калі ёсць душпастырская патрэба, – тройчы ў нядзелю і ў абавязковыя святы.
Дазвол на бінацыю (цэлебрацыя другой св. Імшы ў той самы дзень) і трынацыю (цэлебрацыя трэцяй св. Імшы ў той самы дзень) можа даць кожны мясцовы ардынарый (к. 905, §2).
Варта памятаць пра агульныя правілы, якія датычацца бінацый і трынацый:
- Адсутнасць святара, які змог бы цэлебраваць без бінавання ці трынавання. Калі ёсць прэзбітар, які можа і згадзіўся цэлебраваць св. Імшу, то тады няма патрэбы карыстацца гэтым агульным правам адносна бінацыі ці трынацыі.
- Існуе сур’ёзная прычына.
Такой прычынай можа быць кожная рацыянальна патлумачаная душпастырская патрэба. Маецца на ўвазе духоўнае дабро вернікаў, а не асабістае дабро святара (напр., ахвяра за св. Імшу). Недастаткова прычыны, што на канкрэтны дзень прынята больш імшальных інтэнцый. Паслясаборнае Касцельнае Права дазволіла нават прыпыніць грыгарыянку (св. Імшы, якія цэлебруюцца 30 дзён запар у канкрэтнай інтэнцыі), калі з’явілася патрэба цэлебрацыі св. Імшы пахавальнай альбо ў сувязі са шлюбам, каб не бінаваць толькі ў сувязі з прынятай раней ахвярай (Тлумачэнне Кангрэгацыі Сабору ад 24.02.1967).
для друку