- Каталіцкі Веснік - https://catholicnews.by -

Што азначае адзенне манаха-дамініканца?

[1]Калі я іду па вуліцы ў дамініканскім габіце, акрамя здзіўленых позіркаў мінакоў можна пачуць: “Хто гэта?” альбо прагучыць сцвярджальнае: “Крышнаіт!” Рэдка хто адважыцца запытацца, хто я такі. Найлепшая рэакцыя дзяцей на манаскае адзенне. Ад “Мама, а чаму дзядзя ў сукенцы?” да “Мама, гэта Бог?” Сумна, што кансэкраваная асоба ў адзенні, звычайным для пэўнага ордэна альбо кангрэгацыі, выклікае такое здзіўленне ці неразуменне. Прычыны гэтай з’явы крыюцца па абодвух баках, і тут не месца на тое, каб іх высвятляць і шукаць рашэння. Ніжэй я хацеў бы апісаць дамініканскі габіт, звяртаючы ўвагу на яго духоўнае значэнне. Ён хоць і зведаў пэўныя змены, у галоўным застаўся тым жа, які насіў заснавальнік ордэна Прапаведнікаў святы Дамінік у ХІІІ стагоддзі. Ключом жа да разважанняў няхай будзе ўрывак з паслання да Эфесцаў, дзе апостал Павел прапануе глыбей паглядзець на сэнс істотных элементаў хрысціянскай веры.

“Апраніцеся ва ўсю Божую зброю, каб вы маглі супрацьстаяць подступам д’ябла. Бо нашая барацьба не супраць крыві і цела, але супраць панаванняў, супраць уладаў, супраць гаспадароў цемры гэтага свету, супраць нябесных духаў злосці. Дзеля гэтага прыміце ўсю Божую зброю, каб вы маглі супрацьстаяць у ліхі дзень і, усё адолеўшы, выстаяць. Таму станьце, падперазаўшы свае сцёгны праўдаю, і апрануўшыся ў панцыр справядлівасці, і абуўшы ногі ў гатовасць дабравесціць спакой. А разам з усім вазьміце шчыт веры, якім зможаце пагасіць усе распаленыя стрэлы злога; і шлем збаўлення вазьміце, і меч духоўны, якім ёсць Божае слова” (Эф 6, 11-17). Калі паспрабуем паглядзець на элементы вопраткі дамініканскага габіту не толькі знешне, але ў сэнсе іх духоўнай сімволікі, то можам адкрыць, што звычайнае манаскае адзенне адсылае нас да той нябачнай рэчаіснасці, якую мы вызнаём у сімвале веры, каторую Езус адкрывае ў Евангеллі і пра каторую, на жаль, мы забываемся, жывучы, сканцэнтраваныя толькі на матэрыяльным свеце.

Колер габіту. Напачатку трэба звярнуць увагу на колер матэрыялу, з якога зроблены габіт братоў-прапаведнікаў. У сучасных людзей можа з’явіцца слушнае пытанне: ці не мог святы Дамінік выбраць больш практычны ў штодзённым ужытку колер? Бо, згадзіцеся, каб хадзіць у белым кожны дзень, трэба вельмі асцерагацца, каб не пабрудзіцца. А як быць падчас дажджу, у час адлігі зімой? Аднак такі выбар колеру, хоць можа выклікаць неразуменне сучаснікаў, не быў выпадковым. Акрамя таго, што белы сімвалізуе чыстасць і святасць, такі варыянт адзення братоў-дамініканцаў меў больш празаічныя прычыны. Святы Дамінік засноўвае жабрачы ордэн, які мае жыць паводле ладу жыцця першых Апосталаў, а таму і вопратка братоў павінна быць як найбольш простай і таннай. Таму матэрыялам габіту стала белае нефарбаванае палатно. Найбольш даступнае і найбольш таннае ў часы першых крокаў ордэна ў ХІІІ стагоддзі.

[2]

Туніка. Першым элементам манаскага габіту, які апранаюць кандыдытам у ордэн Прапаведнікаў падчас абраду пачатку навіцыяту, з’яўляецца туніка. Яна бярэ пачатак ад звычайнай кашулі, вядомай яшчэ са старажытнарымскіх часоў. Лёгка правесці аналогію з белай тунікай, у якую апранаюцца новаахрышчаныя, і фрагментам з кнігі Апакаліпсіса св. Яна: “Пасля гэтага я ўбачыў вялікі натоўп, якога ніхто не мог палічыць, з усіх народаў, плямёнаў, родаў і моваў, якія стаялі перад тронам і Баранкам, апранутыя ў белыя шаты і з пальмавымі галінкамі ў сваіх руках” (Ап 7, 9). Можна сказаць, што мы (падчас хросту таксама) атрымліваем гэтую вопратку як знак таго, кім маем быць, а менавіта святымі святасцю Хрыста. Яна даецца нам як задатак таго, да чаго мы імкнёмся ў духоўнай барацьбе.

Нягледзячы на тое, што абавязак абвяшчэння Добрай Навіны праз словы і прыклад жыцця ляжыць на кожным хрысціяніне, пра што прыпамінае нам хоць бы дэкрэт Другога Ватыканскага Сабору пра місійную дзейнасць Касцёла Ad gentes (гл. 20, 37), браты-дамініканцы праз складанне ўрачыстых законных шлюбаў бяруць на сябе асаблівую адказнасць у гэтай справе. Але пачаткам і падставай ёсць нашае пакліканне да сведчання пра Хрыста праз хрост.

Дамініканская туніка яшчэ адметная тым, што мае дзве нагрудныя кішэні якраз такой велічыні, каб там магла змясціцца невялікая кніжка. Гэта дапамагае ў любым моманце мець з сабою Евангелле альбо кнігу і звязана з адметнай інтэлектульнай рысай дамініканскага ордэна – імкненнем да няспыннай вучобы, паглыбленнем ведаў пра Бога і свет.

Пас. Туніка звычайна перапаясваецца скураным пасам. І гэта не проста частка дамініканскага габіту. Так, як у Евангеллі Пан Езус заклікае нас да чування падперазанымі, гатовымі сустрэць свайго гаспадара (пар. Лк 12, 35-38), так браты-дамініканцы падперазаныя, каб праз прапаведаванне Евангелля набліжаць прыйсце Божага Валадарства.

Ружанец. У часы св. Дамініка рыцары насілі на пасе зброю. Таму браты-прапаведнікі на месцы, дзе звычайна быў прычэплены меч, змясцілі духоўную зброю – ружанец. З дамініканскім ордэнам слушна звязваюць місію распаўсюджвання і папулярызацыі гэтай формы малітвы. Яна добра спалучаецца з адным з дэвізаў ордэна: contemplare et contemplata aliis tradere, што значыць “сузіраць і дзяліцца пладамі сузірання з іншымі”. Што ж, як не разважанне разам з Марыяй над таямніцамі жыцця Хрыста, адпавядае ажыццяўленню гэтых словаў?! Кожны з братоў абавязаны кожны дзень маліцца хоць адну частку ружанца.

Шкаплер. Гэта характэрны элемент вопраткі ордэнаў і кангрэгацый, якія кладуць у сваёй духоўнасці націск на ўшанаванне Найсвяцейшай Панны Марыі. Розныя манаскія супольнасці маюць у сваёй традыцыі абразы Маці Божай, Каторая перадае шкаплер як знак сваёй асаблівай апекі каму-небудзь са святых.

Капюшон. Цікава, што гэтая частка вопраткі манахаў і свецкіх, распаўсюджаная ў часы “цёмнага Сярэднявечча”, стала папулярным элементам штодзённай вопраткі ў нашыя часы. Калі манахі выкарыстоўвалі капюшон, каб адгарадзіцца ад таго, што можа перашкаджаць у засяроджанні на малітве, то сёння ён звычайна замяняе галаўны ўбор.

Капа. Увесь дамініканскі строй завяршае чорная капа з каптурам, якая адносіцца да часу, калі святы Дамінік і першыя браты-прапаведнікі вандравалі ад горада да горада, клапоцячыся пра збаўленне душ праз абвяшчэння Слова Евангелля. Капа прыгадвае пра вандроўны, місійны характар нашага прапаведавання, але з’яўляецца таксама плашчом пілігрыма, які ўсведамляе сабе часовасць гэтага жыцця на шляху да Вечнай Айчыны.

Адна мама, даючы параду сваёй дачцы адносна спосабу апранання, казала так: “Падумай, якое пасланне ты хочаш даць свету праз тое, як выглядаеш”. Спадзяюся, што цяпер, сустрэўшы дамініканца, вы зможаце патлумачыць, якую вестку нясуць у свет браты ў чорна-белым адзенні.

Айцец Павел Мажэйка, дамініканец з Віцебска