[1]Прыгожы летні вечар. Мы прыехалі ў мястэчка Гудагай. У апошніх промнях сонца зіхацяць крыжы на касцёле, а на адлегласці стаіць невялікі дом, у якім жывуць сёстры-кармеліткі. Па прасторнай пляцоўцы бегае сабака. Заўважыўшы гасцей, ён пачынае брахаць. Як толькі пачынаю гладзіць яго па мяккай поўсці, чацвераногі ахоўнік кляштара заціхае, робіцца рахманым і падатлівым. Вось адчыняюцца металічныя дзверы і да мяне выходзіць сястра Тэрэсіна Стэх.
Яшчэ хвіліну любуюся навакольнымі пейзажамі, а пасля разам з сястрой заходзім унутр. Сястра шчыра ўсміхаецца і шмат жартуе. А пасля запрашае мяне на “аўдыенцыю да Шэфа” – і праз хвіліну заходзім у невялічкую ўтульную каплічку. Кленчу, гляджу на алтар і кожнай клеткай свайго цела адчуваю, што Бог ёсць у гэтым доме. Яго прысутнасць адчуваецца тут асаблівым чынам. Пасля заходзім у іншы пакой. Сястра сядае насупраць, і промні апошняга сонца далікатна падаюць на твар маёй суразмоўніцы, робячы яго асабліва прыгожым і светлым. Мы пачынаем гутарку.
З чаго пачынаецца пакліканне?
З чаго пачалося пакліканне сястры Тэрэсіны? Гэтае пытанне цікавіць мяне найбольш. Напэўна, з дзяцінства яна адчувала сваю абранасць, не была падобнай да іншых, мела асаблівую сувязь з Богам, а ў яе жыцці было безліч знакаў ад Усемагутнага. Аднак сястра адказвае на гэтае пытанне прасцей. Яе пакліканне пачалося з абраза. Невялічкага і прыгожага, які ў свой час вісеў над яе ложкам. А на гэтым абразку была выяўлена святая Тэрэза ад Дзіцятка Езус. На той момант дзяўчынка не разумела, чаму менавіта гэты абраз размясцілі тут. Яна шмат ведала пра Хрыста і Багародзіцу, а пра гэтую святую ў незвычайным адзенні інфармацыі амаль не было. Аднойчы дзяўчынка спытала ў бабулі, што гэта за святая. Бабуля расказала, што гэта святая Тэрэса, манахіня ордэна кармелітаў, якая жыла вельмі мала, але пакінула пасля сябе багатую духоўную спадчыну. Маленькая Тэрэса, выслухаўшы аповед бабулі, нечакана адзначыла: “Хачу быць, як яна!” “Цяпер такіх, на жаль, няма!” – уздыхнуўшы, адзначыла бабуля. Гэтая навіна засмуціла дзяўчынку, якая ўсім сэрцам упадабала прыгожую жанчыну з далікатнымі рысамі твару.
З той размовы прайшоў працяглы прамежак часу. Тэрэса вучылася ў пятым класе. Бабуля часта брала яе ў Вільню. Віленскія стракатыя вулкі захаплялі дзяўчынку, але яшчэ больш прываблівалі Вострая Брама і абраз, да якога сцякаліся шматлікія пілігрымы з розных куткоў свету. Менавіта там, у Вострай Браме, дзяўчынку чакала неспадзяваная сустрэча. Выходзячы ад Маці Божай, малая спаткала манахінь у прыгожым адзенні – акурат такім, як на абразе. Тады Тэрэса перажыла сапраўдны шок. Прыгожыя і далікатныя, з добрымі ўсмешкамі на твары манахіні-кармеліткі адразу трапілі ў самае сэрца. Бойкая і адважная дзяўчынка была гатовая пабегчы за сёстрамі, але яе спыніла бабуля: “Куды ты пойдзеш! Спачатку скончы школу!” Аднак светлы ўспамін пра тое спатканне назаўсёды застаўся ў свядомасці і сэрцы і час ад часу вяртаў туды, у Вострую Браму…
Такая, як усе
Тэрэска Стэх была самай звычайнай дзяўчынай. Пасля заканчэння школы яна паступіла ў вучылішча, каб атрымаць спецыяльнасць лабаранта. У навучальнай установе з’явілася кола новых сяброў, прыйшло і пачуццё закаханасці. Маладосць, перспектывы, безліч сцяжын – усё гэта акрыляла дзяўчыну. Аднак нават сябруючы з хлопцам, яна адчувала, што гэта не для яе. Здаецца, і складваліся адносіны добра, і малады чалавек быў клапатлівым і ўважлівым, аднак сам-насам з сабой маладая асоба адчувала спустошанасць. Пасля заканчэння вучылішча Тэрэса прыйшла працаваць у Астравецкую ЦРБ. Думкі пра манаства на той час пакінулі сэрца маладой асобы, аднак адносіны з Богам заставаліся ўсё такімі ж – цёплымі, шчырымі і даверлівымі.
Неяк аднойчы Тэрэсе патэлефанавала бабуля і прапанавала ёй разам паехаць у Гудагай, каб там запісаць святую Імшу. Унучка паехала разам з бабуляй. Па гэтай справе неабходна было звярнуцца да сясцёр. Бабуля з унучкай пайшлі ў кляштар. Дзверы ім адчыніла сястра-кармелітка. На нейкі момант Тэрэса аслупянела, а мара дзяцінства раптоўна ўсплыла ў свядомасці. Тады дзяўчына адрапартавала: “Я хачу застацца з вамі!” Сястра лагодна ўсміхнулася, запрасіла зайсці. Пасля таго, як запісалі Імшу, прапанавала прыехаць Тэрэсе яшчэ раз на размову. Такая прапанова спадабалася дзяўчыне, і ўжо праз некалькі дзён яна была ў кляштары. Тэрэса ведала, што яе мэта не зменіцца і не трансфармуецца з часам, таму справа пайшла хутка.
Аднак наперадзе чакала складаная размова з бацькамі. Што скажа мама? Як адрэагуе сям’я? Гэтыя пытанні непакоілі і хвалявалі. У пэўны момант дзяўчына наважылася і сказала маме, што збіраецца ісці ў кляштар. У той час маці з дачкой ішлі ў краму. Мама ніяк не адрэагавала на гэту інфармацыю. А ў сэрцы Тэрэсы віравалі розныя пачуцці. Урэшце, дзяўчына не стрымалася і спытала ў мамы, што яна пра гэта думае. Мама адказала спакойна і проста: “Калі хочаш ісці, то ідзі і не вяртайся”. Гэтыя словы былі складанымі для разумення. Дачка не магла ўцяміць, што мама мела на ўвазе. Пазней яна падзялілася зместам размовы і перажываннямі з сёстрамі. Сёстры патэлефанавалі маме. “Скажыце, што патрэбна? Я ўсё куплю для дачкі”, – падсумавала мама. А Тэрэса, пачуўшы гэта, усміхнулася, бо зразумела, што такім чынам мама прыняла яе выбар.
Добрыя плёны
10 кастрычніка 2020 года. Галаву сястры Тэрэсіны ўпрыгожвае вянок з чырвоных ружаў. У Гудагайскім санктуарыі ажыўлена. Сабраліся прадстаўнікі духавенства, жыхары навакольных вёсак, сябры сястры. Віцебскі біскуп Алег Буткевіч узначаліў святую Імшу, а дапаможны біскуп Мінска-Магілёўскай дыяцэзіі Юрый Касабуцкі прамовіў казанне. Усе з захапленнем глядзяць на сястру Тэрэсіну, якая дваццаць пяць гадоў таму склала манаскія абяцанні і застаецца вернай ім і сёння. Сястра ў думках дзякуе Богу за гэты прыгожы шлях, за кожнага сустрэчнага чалавека, за страты і цяжкасці, за ўсмешкі і станоўчыя моманты. Кансэкраваная асоба прыгадвае свае першыя шлюбы, якія адбыліся ў 1995 годзе ў Лодзі. Успамінае і вечныя, якія перажыла ў 2000 годзе ў Гудагаі. Яна яшчэ раз абводзіць позіркам касцёл. І на хвіліну яе сэрца агортвае сум: няма побач мамы, бацькі, братоў. Усе яны адышлі па ўзнагароду да Пана. Але ў пэўны момант смутак змяняецца светлай радасцю, бо калісьці будзе радасная сустрэча ў вечнасці з роднымі і блізкімі.
Сястра прыгадвае служэнне ў Брэсце, Гродне, Гудагаі. Кожная парафіяльная супольнасць пакінула след у яе душы. Прыгадвае яна і сваё служэнне на кухні, і дапамогу пры дэкараванні касцёла. Гэтыя моманты, быццам каштоўныя пярліны, упрыгожылі яе манаскі шлях. Прыгадвае і рэкалекцыі ў Польшчы, на якіх адчула сябе дрэнна, і бясконцыя аналізы і даследаванні, і непрыемны дыягназ – анкалогія. Успамінае яна і анкалагічны дыспансер Гродзенскай абласной бальніцы, сваіх суседак, што знаходзіліся ў роспачы. Вяртаецца ў думках і да тых размоў, якія вяла з Хрыстом падчас сваёй хваробы. З гэтых момантаў, напэўна, і складаецца жыццё, а такімі сітуацыямі шліфуецца давер да Бога і поўнае Яму адданне.
Сястра Тэрэсіна закрывае альбом, складаючы туды фотаздымкі. Светлая ўсмешка, здаецца, ніколі не пакідае яе твару. Мы выходзім за парог, развітваемся, ад’язджаем. Сястра махае наўздагон рукой, а я яшчэ доўга гляджу ў бок кляштара, пакуль ён цалкам не знікае з поля зроку.
Марта Венславовіч
Фота аўтара і з архіву сястры Тэрэсіны