[1]У мінулыя выхадныя ў Шчучыне ў кляштары айцоў піяраў адбылося падсумаванне катэхетычнага года для асобных парафіяльных груп: Літургічнай службы алтара і моладзевага хору «Calasanz».
На запланаванае спатканне былі запрошаны таксама бацькі дзяцей і моладзі шчучынскай парафіі, для якіх была арганізавана фармацыйная частка сустрэчы.
Галоўным пунктам дня стала супольная Эўхарыстыя, падчас якой маліліся аб міры, сапраўднай любові і разуменні ў сем’ях піярскіх выхаванцаў.
На заканчэнне св. Імшы бацькі разам з дзецьмі публічна, трымаючыся за рукі, памаліліся адзін за аднаго перад сабранымі вернікамі.
Наступнай часткай сустрэчы сталі розныя цікавыя конкурсы і забавы, а таксама адпачынак каля вогнішча, дзе можна было пасмажыць каўбаскі.
Падчас гэтага вечару былі выбраны і ўзнагароджаны найлепшыя міністрант года (Дзмітрый Лобач) і харыстка года (Юлія Кройтар).
Кожная такая сустрэча мае і сумную нотку развітання з тымі, хто заканчвае школу і выязджае на вучобу ў іншыя гарады. Па традыцыі, каб яны ніколі не забывалі групы, да якой належалі шмат гадоў, выпускнікам былі ўручаны сімвалічныя памятныя падарункі.
На заканчэнне ўсіх прысутных чакаў сюрпрыз — феерверк. Менавіта такім спосабам для міністрантаў і моладзевага хору парафіі быў падсумаваны і завершаны 2015/16 душпастырскі год.
А. Віталій Слука SP, тэкст
Віталій Варонік, Анастасія Голец, фота