[1]Новае даследаванне ў Францыі паказала, што 80% святароў шчаслівыя ў сваім служэнні, чэрпаючы радасць з веры, нягледзячы на цяжкасці.
Апытанне “Святарства сёння”, праведзенае “Даследчым цэнтрам каталіцызму” і Французскім інстытутам грамадскай думкі (IFOP), выявіла, што святары “ніколі раней не былі настолькі поўнымі энтузіязму і рашучасці жыць сваім пакліканнем”.
Па словах Жэрома Фурке з IFOP, радасць святароў зыходзіць “з веры, якая жыве ў іх”. Ён адзначыў, што 53% апытаных напісалі, што найбольшае шчасце ім прыносіць магчымасць “бачыць цуды, якія Бог чыніць у сэрцах людзей”. У той жа час 20% духавенства, якія адчуваюць цяжкасці, у асноўным змагаюцца з адзінотай.
Маладыя святары, якія належаць да “пакалення Сусветных дзён моладзі”, часцей выказваюць жаданне жыць у супольнасці з іншымі святарамі (69% сярод групы 25-34 гадоў) і надаюць большае значэнне “літургічнаму спакою” ў Касцёле.
Адносіны з біскупамі таксама сталі ключавым стрэсавым фактарам: 17% святароў адчуваюць недахоп канкрэтнай падтрымкі. “Маладыя святары хацелі б мець нумар мабільнага тэлефона свайго біскупа”, — адзначыла Пірылё.
Самым глыбокім сумам для ўсіх пакаленняў, па словах Фурке, з’яўляецца заняпад каталіцкай практыкі. Колькасць хростаў радыкальна знізілася.
Старэйшыя святары адчуваюць гэтыя змены найбольш востра, у той час як маладзейшыя ўжо служаць у Касцёле, які ўсведамляе сябе як меншасць, што складаецца з вернікаў, якія робяць свой выбар свядома, а не з прычыны грамадскай кан’юнктуры.
кс. Аляксандр Амяльчэня, беларуская рэдакцыя [2] Vatican News