[1]14-15 красавіка студэнты прапедэўтычнага курса Міждыяцэзіяльнай вышэйшай духоўнай семінарыі ў Гродне са сваім мадэратарам кс. Паўлам Скубам наведалі парафіі Гродзенскай дыяцэзіі, якія маюць старажытныя святыні. Гэта было чарговае падарожжа ў межах азнаямлення семінарыстаў з Касцёлам у Беларусі.
Яны наведалі лідскую Фару, старадаўнюю святыню вялікага каталіцкага горада, з гісторыяй якой іх пазнаёміў пробашч фарнай парафіі кс. канонік Віталій Сідорка. У размове з семінарыстамі ксёндз Віталій сярод іншага адзначыў, што за стагоддзі існавання Фары чатыры пробашчы гэтай парафіі былі прызначаны біскупамі.
Затым, у Іўеўскім дэканаце, семінарысты пабывалі ў касцёлах у Ліпнішках і Суботніках – наведваючы апошні, яны спусціліся ў родавую пахавальню Умястоўскіх. Наступным пунктам падарожжа быў касцёл святых апосталаў Пятра і Паўла ў Іўі, з якім гасцей пазнаёміў пробашч гэтай парафіі кс. Павел Калеснік. Таксама ксёндз Павел паказаў ім адрэстаўраваны арган і правёў экскурсію па парафіяльным музеі.
[2]
На начлег семінарысты спыніліся ва Уселюбе. На наступны дзень яны пазнаёміліся з уселюбскім касцёлам, найстарэйшым у Беларусі, і з тэрыторыяй вакол яго, удзельнічалі ў святой Імшы. Пазнаёміліся яны таксама з пробашчам гэтай парафіі кс. Віталем Цыбульскім – па словах удзельнікаў падарожжа, гэты святар “гарыць” аднаўленнем чалавечых сэрцаў.
У той жа дзень семінарысты пабывалі ў касцёле св. Арханёла Міхала ў Навагрудку, убачылі галерыю, дзе прадстаўлены карціны беларускіх мастакоў, спусціліся ў крыпту, паслухалі гучанне барокавага аргана ў выкананні кс. Паўла Аляскевіча. На зваротным шляху семінарысты спыніліся ў Батароўскім лесе і памаліліся на месцы, дзе ў час Вялікай Айчыннай вайны былі расстраляны благаслаўлёныя назарэтанкі-мучаніцы з Навагрудка. Падарожжа стала для ўдзельнікаў крыніцай духоўнага і культурнага ўзбагачэння.
Grodnensis.by [3]