Дыкастэрыя па справах свецкіх, сям’і і жыцця правяла семінар, удзельнікі якога разважалі, як зрабіць святарскую фармацыю больш эфектыўнай для задавальнення патрэб сем’яў.
Умацаванне супрацоўніцтва паміж святарамі і сем’ямі стала цэнтральнай тэмай сустрэчы “Сакрамант шлюбу, веры і munus docendi”, якая прайшла 28 красавіка 2026 года ў Casina Pio IV у Ватыканскіх садах.
Крызіс веры як корань праблем
На думку біскупа Дарыа Джэрвазі, дапаможнага сакратара Дыкастэрыі па справах свецкіх, сям’і і жыцця, сённяшні крызіс хрысціянскага сужэнства і цяжкасці, з якімі сутыкаюцца святары ў выхаванні веры, звязаны з цяжкасцю быць хрысціянінам у сучасным свеце. Як ніколі раней неабходна нанова адкрыць сэнс хрысціянскай супольнасці, вернай Евангеллю, бо толькі гэта можа даць пакліканні. Праблема не толькі ў недахопе святарскіх пакліканняў, а ў недахопе хрысціян, — адзначыў іерарх, дадаючы, што там, дзе вера жыве актыўна – у малых супольнасцях – узнікаюць і пакліканні як да сужэнства, так і да святарства.
На яго думку, адказам можа стаць новы пакт паміж духавенствам і сем’ямі. “Мы бачым крызіс святароў і крызіс пар, гэта азначае, што калі мы аб’яднаемся, то зможам падтрымліваць адзін аднаго і расці разам”, — заўважыў біскуп Джэрвазі.
Сустрэча ў Ватыкане ў кастрычніку
У кастрычніку 2026 года Леў XIV склікаў у Ватыкане сустрэчу, прымеркаваную да дзесяцігоддзя апостальскай адгартацыі “Amoris Laetitia” Францішка. Старшыні епіскапатаў з усяго свету паразважаюць на ёй над пытаннямі сужэнскага жыцця. Асамблея стане важнай падзеяй, якая дасць магчымасць пачуць розныя пункты гледжання – як хрысціянскіх, так і нехрысціянскіх сем’яў на ўсіх шыротах, — лічыць біскуп Джэрвазі.
Фармацыя святароў
Як адзначыла падсакратар Дыкастэрыі па справах свецкіх, сям’і і жыцця Габрыэла Гамбіна, гаворка на семінары ішла пра тое, як зрабіць так, каб святар быў настаўнікам веры, духоўным правадніком, здольным абудзіць пакліканне хросту ў маладых людзях, якія аднойчы будуць ствараць сем’і. Сям’я – гэта не проста роля, сацыяльны статус, стан, але і пакліканне, — падсумавала яна. Калі сужэнства, як і святарства – гэта пакліканне, то абодва патрабуюць падрыхтоўкі і фармацыі. “Настаў час сур’ёзна задумацца над тым, як мы рыхтуемся. Святары ў семінарыях, але не толькі”, — лічыць Гамбіна, дадаючы, што святароў трэба рыхтаваць да суправаджэння хрысціянскіх сем’яў, але і сем’і павінны ахоўваць святароў, суправаджаць іх і рабіць так, каб яны адчувалі, што не адны.
Святары і сем’і: узаемны клопат
У сваю чаргу, ксёндз Сімонэ Рэна, намеснік сакратара Кангрэгацыі па справах духавенства, падкрэсліў важнасць узаемнага клопату ў касцёльнай супольнасці. Ён адзначыў, што святар – гэта не толькі той, хто клапоціцца пра іншых. Ён – чалавек, і таму таксама мае патрэбу ў падтрымцы. Асабліва гэта актуальна ў невялікіх парафіях, дзе святар не можа разлічваць на падтрымку іншых святароў, і таму клопат аб ім павінны браць на сябе сем’і.
Марыя Валодзіна, беларуская рэдакцыя [2] Vatican News
