[1]Святыя Ян Павел ІІ, Андрэй Кім Тэгон, Франчэска Саверыя Кабрыні, Жазэфіна Бакіта і Карла Акуціс выбраны апекунамі Сусветных дзён моладзі, якія пройдуць у Сеуле ў 2027 годзе, паведамляе беларуская рэдакцыя Vatican News [2].
“З нагоды кожных Сусветных дзён моладзі выбіраюцца святыя апекуны як прыклад веры для моладзі і як правадыры дзякуючы сведчанню іх жыцця і іх духоўнасці”, — гаворыцца ў афіцыйным паведамленні мясцовага арганізацыйнага камітэта.
Пяць святых
Нагадваецца, што святы Ян Павел ІІ (1920–2005) – заснавальнік Сусветных дзён моладзі, які запомніўся ўвагай, надаванай маладым людзям, сям’і і годнасці чалавечага жыцця. Святы Андрэй Кім Тэгон (1821–1846) – першы карэйскі каталіцкі святар, сімвал веры і адвагі, які прыняў мучаніцтва ў маладым узросце. Святая Франчэска Саверыя Кабрыні (1850–1917) – місіянерка, вядомая сваім клопатам пра мігрантаў і бедных. Святая Жазэфіна Бакіта (1869–1947) – былая нявольніца, якая стала манахіняй і сведкай надзеі, свабоды і веры, перамененай праз пакуты. Святы Карла Акуціс (1991–2006) – малады святы лічбавай эпохі, жыццё якога застаецца прыкладам лічбавай евангелізацыі.
Працэс выбару і малітва
Выбар нябесных апекуноў форума пачаўся напрыканцы 2024 года з правядзення агульнанацыянальнага апытання сярод моладзі, работнікаў сферы моладзевага душпастырства і выхавацеляў, пасля якога адбыўся разгляд кандыдатур і канчатковае зацвярджэнне з боку мясцовага арганізацыйнага камітэта. Потым група маладых валанцёраў на працягу двух месяцаў вывучала жыццё і духоўнасць гэтых святых. Шляхам абмеркаванняў і сумесных разважанняў маладыя людзі падрыхтавалі спецыяльную малітву і сімвал для кожнага святога, імкнучыся вылучыць тое асаблівае сведчанне, якое кожны з іх дае сучаснай моладзі.
“Пазнай свайго святога апекуна”
На афіцыйным сайце СДМ-2027 у Сеуле і ў сацыяльных сетках мясцовы арганізацыйны камітэт размясціў матэрыялы, якія дапамагаюць моладзі лепш пазнаёміцца з жыццём, духоўнасцю і сведчаннем апекуноў сустрэчы. Адмысловая інтэрактыўная функцыя “Пазнай свайго святога апекуна”, створаная ў выглядзе тэста, прапануе маладым людзям адказаць на шэраг пытанняў з некалькімі варыянтамі адказаў, каб даведацца, які з пяці святых апекуноў найбольш блізкі іх асобе.