- Каталіцкі Веснік - https://catholicnews.by -

Салезіянскія аніматары Беларусі сустрэліся ў Бараўлянах на другой агульнабеларускай фармацыйнай сустрэчы

[1]З 4 па 5 сакавіка ў бараўлянскім араторыі св. Дамініка Савіо адбылася другая ў гэтым навучальным годзе агульнабеларуская фармацыйная сустрэча аніматараў і кандыдатаў у аніматары. На сустрэчу прыехала моладзь з Мінску і Бараўлян, Смаргоні і Дзятлава. Усяго сабралася каля 30 чалавек.

Маладыя людзі мелі магчымасць паглыбіць аніматарскую фармацыю і духоўную сталасць. Праграма сустрэчы ўключала ў сябе вясёлыя гульні, малітву, канферэнцыі, моманты цішыні і моманты быцця разам у вольны час, альбо падчас супольнага пасілку, адарацыю Найсвяцейшага Сакраманту і споведзь, супольную малітву літургіі гадзінаў і ўдзел у святой Імшы, на якой маліліся за імянінніка кс. Казіміра Шыдэлка SDB.

Тэма першага дня сустрэчы — «Праўда». Цікавая дынаміка стала ўводзінамі да тэмы канферэнцыі, якую праводзіў кс. Павел Шчарбіцкі SDB. Святар прапанаваў удзельнікам паспрабаваць адрозніць праўду ад хлусні, толькі чуючы голас таго, хто кажа. Было сапраўды нялёгка высветліць ісціну, не бачачы вачэй прамаўляючага.

Пасля ўсе паглядзелі мульцік, у якім яскрава было бачна, як часамі ўнутраная праўда адрозніваецца ад знешняй. І толькі калі людзі сапраўды адкрытыя, простыя і шчырыя, як дзеці, гэтыя дзве праўды супадаюць. Напрыканцы канферэнцыі маладыя людзі, падзеленыя на тры групы, атрымалі заданне паразважаць над прапанаванымі ўрыўкамі з Бібліі — крыніцы сапраўднай Праўды — па дадзенай тэме. Потым кожная група падзялілася вынікамі сваёй працы.

[2]

Таксама да моладзі завіталі дапаможны біскуп Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Аляксандр Яшэўскі SDB і Рэгіянальны настаяцель салезіянаў у Беларусі кс. Віктар Гайдукевіч SDB. Пастырская прысутнасць і цёплыя словы святароў былі знакам падтрымкі і даверу да будучыні Касцёла Беларусі.

У другі дзень сабраныя разважалі над тэмай «Радасць». Канферэнцыю прапанавала с. Дар’я Еўтухоўская FMA. «Сапраўдная радасць глыбокая і незалежная, выплывае ад сэрца, гаспадаром якога з’яўляецца Бог, бо Ён ёсць крыніцай сапраўднага шчасця!» — адзначыла яна.

Наступным крокам быў момант цішыні і магчымасць застацца сам на сам з Богам, каб паглядзець на сябе ў праўдзе і паразважаць над пытаннямі: Што жадае ад мяне Бог? Дзе маё сапраўднае шчасце? Ці супадае воля Бога і мае жаданні? Ці жыву я ў праўдзе? Ці лёгка крадуць маю радасць такія ворагі, як засмучанасць ад дробязі і меланхолія? Ці імкнуся я да сапраўднай радасці? Ці заўважаю я прыгажосць штодзённасці і радасць у простых малых рэчах?

[3]

Фармацыйная сустрэча скончылася супольным абедам і падвядзеннем вынікаў. Некаторыя з удзельнікаў падзяліліся з sdb.by [4] сваімі ўражаннямі ад сустрэчы:

Кандыдат у аніматары Анастасія Барысік: «Падчас фармацыі адпачыла душой, бо была вельмі сямейная атмасфера. Мне вельмі спадабалася дынаміка канферэнцый, цікавыя гульні і праца па групах. Для сябе я таксама адзначыла актуальнасць тэмы «Праўда» у нашым сучасным жыцці».

Салезіянскі аніматар Вераніка Сінкевіч: «Дзякуючы канферэнцыям нашых дарагіх святароў, семінарыстаў і сясцёр, я змагла зазірнуць у глыбіню сваёй душы, раскрыць тыя гарызонты, якія былі скрыты. Маё сэрца кранулі словы адной жанчыны да Бога, пра якую распавядалі падчас адной з канферэнцый: «Я жадаю тое, што Ты хочаш, не пытаючыся ў мяне, ці магу я, не пытаючыся ў мяне, ці ёсць жаданне, не пытаючыся ў мяне, ці хачу я гэтага… ». Вельмі рада, што змагла пабыць на гэтай сустрэчы (фармацыі) для аніматараў. Сапраўды тут не толькі духоўна ўзбагачаешся, але і, што ня мала важна, адпачываеш, праводзіш час у супакоі і сямейнай атмасферы».

Кандыдат у аніматары Слава Ванковіч: «Гэта вельмі добрая магчымасць адпачыць у прыемнай кампаніі, паглыбіць сваю веру праз малітву, канферэнцыі, разважаніі, досвед іншых, але таксама на сустрэчы можна падзяліцца тым, што маю я сам: сваёй верай, сваім сведчаннем, сваім вопытам. Асабліва хацелася б адзначыць тэмы канферэнцый: «Праўда» і «Радасць». Яны вельмі актуальныя для нас, сучаснай моладзі. Менавіта сёння, калі сусвет прапаноўвае нам жыць хутка, ілжыва, без адказнасці, беручы ад жыцця ўсё. І мы вельмі часта забываемся, калі кажам няпраўду, падманваем, апранаем маскі, то не можам быць па-сапраўднаму радаснымі.

Тады мы можам быць радаснымі на нейкі момант, але гэтая радасць знікне гэтак жа хутка, як і з’явілася. Бо крыніцай сапраўднай радасці з’яўляецца Езус, які таксама з’яўляецца Праўдай. Таму, калі мы хочам быць па-сапраўднаму радаснымі, мы павінны стаць у праўдзе перад Ім і самімі сабой, быць сапраўднымі, не падманваць. І хочацца падзякаваць Богу, святарам, сёстрам, семінарыстам і кожнаму, хто арганізоўваў і ўдзельнічаў у гэтай сустрэчы, за магчымасць паразважаць над гэтымі важнымі тэмамі і пабыць разам!»

Салезіанскі аніматар Дар’я Дзем’янец: «Агульнабеларускія фармацыйныя спатканні праходзяць два разы на год. І падчас гэтых сустрэч ёсць магчымасць не толькі сустрэцца ўсей сям’ей разам, убачыць сяброў, пазнаёміцца з новымі кандыдатамі ў аніматары, але таксама і ўзрасці духоўна ў аніматарскім пакліканні. Кожная наступная фармацыя не падобны да мінулай. Вялікую ролю адыгрываюць месца, араторый, час, надвор’е. Але кожны раз сустрэчы незвычайныя і вельмі чаканыя!!! Гэта фамацыя таксама не выключэнне. Вялікая ўдзячнасць парафіі, якая нас прымала!

Вельмі спадабаліся гульні, бо былі зусім розныя і нечаканыя. Вялікі дзякуй за канферэнцыі, тэмы якіх былі вельмі актуальнымі і цікавымі! Яны заставілі шмат думак, адказаў, якіх я не чакала пачуць, а таксама пытанняў для свайго сумлення. Дзякуй таксама асаблівым людзям за неспадзяваныя прыемныя размовы, якія далі шмат адказаў. Яшчэ раз дзякую Пану Богу за гэты час, а таксама усім ўдзельнікам за ўсмешкі, радасць, адкрытасць і сапраўдны салезіянскі дух!!!»