[1]27 чэрвеня са Смаргоні вырушыла дзевятнаццатая Салезіянская моладзевая евангелізацыйная пілігрымка ў санктуарый Маці Божай Будслаўскай.
Яна праходзіць пад дэвізам: «Пане, дай мне гэтай вады». Разважаць над гэтай тэмай моладзі дапамагаюць штодзённыя канферэнцыі і праца ў невялікіх групах.
Распачалася салезіянская пілігрымка традыцыйна са святой Імшы, якую ўзначаліў у касцёле св. Міхала Арханёла рэгіянальны настаяцель салезіянскага таварыства ў Беларусі ксёндз Віктар Гайдукевіч SDB.
Гэтая пілігрымка адметная тым, што ў ёй удзельніче толькі моладзь і яна з’яўляецца кульмінацыяй і падсумаваннем усяго фармацыйнага года ў салезіянскай супольнасці.
У пілігрымцы для працы ў групах ёсць розныя “пакоі” па інтарэсах, дзе кожны ўдзельнік можа падумаць над тэмай дня з дапамогай аніматараў такім чынам, які яму больш падабаецца.
У пілігрымцы прымаюць удзел больш за 110 чалавек з розных месцаў нашай краіны, якія захацелі прысвяціць гэты час Богу і прабыванню з іншым. Пілігрымка для маладых людзей – адзін з самых важных, выдатных і плённых перыядаў на працягу года.
Kс. Юрый Марціновіч, grodnensis.by [3]
Уладзіслаў Зарэцкі, фота