[1]У нядзелю, 23 кастрычніка вернікі парафіі Святога Яна Евангеліста і Святога Максіміліяна Марыя Кольбэ ў Мінску перажывалі важную і радасную падзею. У гэты дзень, падчас святой Імшы адбылося ўрачыстае ўнясенне ў капліцу і ўшанаванне рэліквій святога Яна Паўла ІІ.
Трэба адзначыць, што святы Папа з’яўляецца сапраўдным сябрам і заступнікам розных рухаў і супольнасцяў гэтай парафіі. Так, сваім апекуном Святога Айца выбралі сабе скаўты, суполка працуючай і студэнцкай моладзі ДХМ “Адзіныя сэрцам”, а таксама адна з суполак руху Equipes Notre-Dame. Напэўна таму на ўрачыстай Імшы капліца была літаральна перапоўненая людзьмі.
Святая Імша распачалася спевам “Не бойцеся жыць для Любові”.
“Не бойцеся! Адчыніце дзверы Хрысту!” – менавіта з такіх слоў распачаў свой Пантыфікат Святы Айцец Ян Павел ІІ. І перыяд яго пантыфікату сапраўды быў унікальным: першы Папа славянскага паходжання. Папа, які быў заўсёды адкрыты да дыялогу, пасрэднічаў у міжнародных канфліктах, праводзіў супольныя малітвы з прадстаўнікамі іншых канфесій. Папа, які стаў вельмі блізкім для маладых асоб, распачаў міжнародныя сустрэчы моладзі.
Урачыстую Эўхарыстыю цэлебраваў ксёндз-канонік Уладзіслаў Завальнюк разам з пробашчам і вікарыем парафіі — айцамі Алегам і Уладзімірам.
Падчас прамоўленая гаміліі святар засяродзіўся на важнасці ўшанавання рэліквій.
“Рэліквіі – гэта не амулет, не магічная прылада. Гэта спосаб ушанавання. Трываючы на малітве перад рэліквіямі, чалавек не толькі ўспамінае асобу святога, але і разважае над яго жыццём, верай, над яго адносінамі з Богам”, – зазначыў святар.
Ксёндз Уладзіслаў запрасіў кожнага прысутнага верніка, праз заступніцтва святога Яна Паўла ІІ прасіць у Бога дапамогі, каб захаваць веру ў складаны час і не баяцца адчыніць дзверы Хрысту.
Вікторыя Філіпенка, тэкст
Вікторыя Кароль-Маўчанская, фота
