[1]У казахскай Астане лідары сусветных і традыцыйных рэлігій з 60 краін сустрэліся, каб абмеркаваць глабальныя выклікі і ролю міжрэлігійнага дыялогу. Сустрэча завяршылася прыняццем дэкларацыі.
Восьмы Кангрэс лідараў сусветных і традыцыйных рэлігій прайшоў у сталіцы Казахстана з 18 па 19 верасня 2025 года пад дэвізам «Дыялог рэлігій – сінергія для будучыні». На запрашэнне казахскага ўрада сотні высокапастаўленых рэлігійных прадстаўнікоў з усяго свету абмяркоўвалі глабальныя выклікі, крызісы і ролю міжрэлігійнага дыялогу.
Рэлігіі могуць стаць прыкладам адзінства ў разнастайнасці пад сцягам гуманізму
Прэзідэнт Казахстана Касым-Жамарт Такаеў у сваёй прывітальнай прамове назваў кангрэс унікальнай платформай у святле пагрозы кліматычных змен, ідэалагічных супярэчнасцей і геапалітычнай напружанасці, якія могуць прывесці нават да ядзернай вайны. «Рэлігіі могуць стаць прыкладам адзінства ў разнастайнасці пад сцягам гуманізму і мірнага суіснавання», — падкрэсліў ён.
Папа Леў XIV у сваім прывітальным слове, якое агучыў кіраўнік Дыкастэрыі па міжрэлігійным дыялогу кардынал Джордж Джэйкаб Коавакад, падкрэсліў тое, што аб’ядноўвае ўсе рэлігіі: удзельнікаў у Астане яднае жаданне прынесці аздараўленне нашаму зламанаму і параненаму свету. «Вера заўсёды павінна быць сілай для прымірэння», — гаварылася ў папскім пасланні.
Самае важнае адбываецца падчас асабістых сустрэч з людзьмі, з якімі іначай ніколі не пазнаёмішся
Паводле англіканскай епіскапа Джо Бэйлі Уэлс, адной з нямногіх жанчын за круглым сталом, за сустрэчай у Астане стаіць нешта большае, чым проста ўзвышаныя словы. «Самае важнае адбываецца падчас абедаў і ў кулуарах: асабістыя сустрэчы і знаёмствы з людзьмі, з якімі іначай ніколі не пазнаёмішся», — падзялілася яна з Каталіцкім інфармацыйным агенцтвам (KNA).
Кангрэс завяршыўся прыняццем заключнай дэкларацыі, якая складаецца з 34 артыкулаў. У ёй удзельнікі выказваюць занепакоенасць запаволеным ажыццяўленнем мэт развіцця ААН і міжнароднага супрацоўніцтва ў барацьбе са змяненнем клімату.
Асаблівую ўвагу дакумент надае новым пагрозам для чалавека, звязаным са злоўжываннем штучным інтэлектам. Дэкларацыя таксама заклікае да абароны меншасцей і бежанцаў, а таксама закранае пытанне ўдзелу жанчын у грамадскім жыцці. Гэты дакумент будзе перададзены Генеральнай Асамблеі ААН.
Кс. Аляксандр Амяльчэня, беларуская рэдакцыя Vatican News [2]