- Каталіцкі Веснік - https://catholicnews.by -

Рэкалекцыі «Выходныя з Духам Святым» аб’ядналі вернікаў з Дзятлава і Навагрудка

[1]З 20 па 22 лютага ў Навагрудку адбыўся выязны ўік-энд «З Духам Святым», арганізаваны ў рамках альфа-курса, які цяпер праходзіць у парафіі ў Дзятлаве. Месцам правядзення духоўных практыкаванняў стаў Навагрудак, а правёў рэкалекцыіі пробашч парафіі Арханёла Міхала ў Навагрудку.

На працягу трох дзён каля 30 удзельнікаў з Дзятлаўскага касцёла мелі магчымасць паглыбіцца ў тэму Святога Духа і Яго дзеяння ў жыцці чалавека. Уік-энд стаў важнай часткай фармацыйнага шляху, які праходзяць слухачы курса. Варта адзначыць, што сам альфа-курс у Дзятлаве праводзіцца пры актыўным удзеле і падтрымцы каманды служыцеляў з Навагрудка, што сведчыць аб цесным супрацоўніцтве дзвюх парафій.

[2]

Выязны характар уік-энду дазволіў удзельнікам цалкам адыйсці ад штодзённых клопатаў і засяродзіцца на духоўным жыцці, супольнай малітве і роздуме. Праграма была насычаная канферэнцыямі, сведчаннямі, святой Імшой і адарацыяй. Асаблівую атмасферу стварала само знаходжанне ў Навагрудку — гістарычным месцы.

[3]

Як адзначылі арганізатары, такі фармат дапамагае ўдзельнікам глыбей перажыць сустрэчу з Богам і адкрыць дары Святога Духа. Дадзены керыгматычны курс, разлічаны на тых, хто жадае лепш пазнаць асновы хрысціянскай веры або аднавіць свае адносіны з Богам. Курс плануецца завяршыць непасрэдна перад святам Уваскрасення Пана — Вялікаднем. Уік-энд, дарэчы, стаў адным з ключавых элемантаў падрыхтоўкі да гэтай светлай падзеі.

[4]

Вернікі з Дзятлаўшчыны вярнуліся дадому з новымі сіламі і натхненнем, каб працягнуць свой духоўны шлях і дзяліцца досведведам перажывання сустрэчы з жывым Хрыстом са сваімі блізкімі ў парафіяльнай супольнасці.

Кс. Юрый Жэгарын, тэкст і фота