[1]З 3 па 5 лютага ў рэкалекцыйным доме “Голас Айца” ў Росі адбыліся рэкалекцыі на тэму “Навошта Пан даў мне жыццё?” (Рым 5,17-18), якія праводзіў тэолаг, філосаф і каталіцкі публіцыст кс. Андрэй Рылка. У рэкалекцыях прынялі ўдзел 23 чалавека з Мінска, Гродна, Ваўкавыска, Ліды і Росі.
На пачатку рэкалекцый удзельнікі атрымалі заданне – шукаць адказы на пытанні: “Навошта я жыву? Дзеля чаго варта жыць? Як навучыцца жыць? Як навучыцца жыць не марна? Як навучыцца распазнаваць Божы план адносна сябе, как не пражыць толькі спрабуючы?”
Дзеля гэтага кс. Андрэй прапанаваў удзельнікам звярнуцца да Бібліі і папрасіць Бога, каб праз Святое Пісанне Ён адкрыў праўду і даў здольнасць гэтую праўду прыняць. Каб распазнаць, дзе ёсць сапраўднае дабро, карысць, а дзе зло і небяспека.
Падчас працы над сабой мужчыны вывучалі прыклад таго, як у жыцці прарока Майсея рэалізоўваўся план Створцы.
“Не будзем глядзець на гісторыю жыцця Маісея. Нас цікавіць не тое, што адбывалася, а чаму і навошта так адбывалася. Паглядзім, як Маісей пражыў сваё жыццё і як яго жыццё паўплывала на ўвесь Божы замысел, глабальны план збаўлення чалавецтва. Гісторыя Маісея – гэта гісторыя жыцця кожная чалавека. І кожнаму з нас у сваім жыцці не аднойчы даводзіцца трапіць у такія сітуацыі, калі трэба выбіраць: “Хто я? Кім хачу быць?”: “Я сын “каралеўства Егіпецкага”, сын гэтага свету, валадарства сатаны? Ці я сын Ізраіля, Божага валадарства?” — каментаваў рэкалекцыяніст.
Удзельнікі рэкалекцый выражаюць падзяку кс. Андрэю Рылка за іх правядзенне, за мудрасць і шчырасць, з якімі ён абвяшчаў Божае Слова. Таксама пробашчу парафіі ў Росі кс. Чэславу Паўлюкевічу і яго дружнай камандзе за аказаную гасціннасць.
Паводле msj.by [2]