- Каталіцкі Веснік - https://catholicnews.by -

Рэкалекцыі цвярозасці прайшлі ў Браславе

[1]З 18 па 21 ліпеня ў Браславе праходзілі рэкалекцыі цвярозасці, паведамляе waladarka.by [2]. Іх арганізатарам ужо некалькі гадоў з’яўляецца Душпастырства цвярозасці Гродзенскай дыяцэзіі ў супрацоўніцтве з кс. Анджэем Бочарам, пробашчам з Далёкіх.

Рэкалекцыі цвярозасці збіраюць усіх, хто сутыкнуўся з праблемай алкагалізму (як самі залежныя асобы, так і сузалежныя ‒ члены іх сем’яў). У гэтыя дні з удзельнікамі праводзяць сустрэчы і канферэнцыі псіхолагі, спецыялісты тэрапіі залежнасцей, а святар разам з імі моліцца і дапамагае пазнаць Бога і навучыцца давяраць Яму сваё жыццё і праблемы. Тут дапамагаюць наладзіць і аднавіць адносіны з самім сабой і сваімі роднымі. Існуе магчымасць адпачыць на прыродзе, а ёсць і час на культурную праграму: сёлета ў межах рэкалекцый прайшоў музычны сэт-імправізацыя ў выкананні Аляксандра Велікасельскага і Галляша Сялявы.

У гэтым годзе ўдзел у рэкалекцыях прынялі каля 60 асоб з розных гарадоў Беларусі: Мінска, Шклова, Мёраў і іншых. Спадар Юрый Гапонік, спецыяліст тэрапіі залежнасцей у Гродзенскім клінічным цэнтры і адказны за Душпастырства цвярозасці Гродзенскай дыяцэзіі, кажа, што людзі прыехалі з розных куткоў Беларусі, але браслаўчане, на жаль, не скарысталіся з такой цудоўнай магчымасці.

«У вырашэнні праблемы алкагалізму перш за ўсё нельга хаваць сваю праблему. Яе варта прызнаць і тады шукаць дапамогі, каб вярнуцца да цвярозага жыцця», ‒ адзначыў спадар Юрый.

Святлана Жылевіч