[1]Амерыканскі даследчы цэнтр Pew Research Center правёў даследаванне “Рэлігійныя вераванні і нацыянальная прыналежнасць у Цэнтральнай і Усходняй Еўропе”. Прадстаўляем вашай увазе тыя яго часткі, якія тычацца Беларусі і дапамагаюць лепш зразумець нацыяльна-рэлігійны партрэт беларусаў.
Базай для даследавання стала сацыялагічнае апытанне 1513 беларусаў (хібнасць +/- 3,5%). Паводле яго, у Беларусі жывуць 73% праваслаўных, 12% каталікоў, менш за 1% мусульман, каля 11% прадстаўнікоў іншых канфесій (не ўдакладняецца, якіх) і каля 3% тых, хто з’яўляецца атэістам, агностыкам альбо не адносіць сябе ні да ніякай канфесіі. Пры гэтым вераць у Бога толькі 84% беларусаў, 35% – задумваюцца над значэннем і мэтай жыцця, 25% – адчуваюць глыбокую сувязь з прыродай і Зямлёй.
Даследванне сведчыць пра большую ўцягнутасць у рэлігійныя практыкі каталікоў, чым праваслаўных, а таксама жанчын, чым мужчын. Так, вераць у Бога 89% жанчын і 79% мужчын. Увогуле ж, цалкам упэўнена вераць у Бога 26%, даволі ўпэўнена – 47%, не вельмі ўпэўнена – 11%, адназначна не вераць – 9%.
Сярод рэспандэнтаў 27% лічаць, што Біблія была напісаная людзьмі, 49% – што яна з’яўляецца словам Божым. Пры гэтым з тым, што яе трэба разумець літаральна, згодныя 25%, не трэба разумець літаральна – 20%.
Вераць у рай 68% беларусаў, у пекла – 65%, у існаванне душы – 72%, у лёс – 67%, у цуды – 43%. Яшчэ 41% беларусаў вераць у сурокі, 38% – у магію і вядзьмарства, 29% – у рэінкарнацыю.
Увогуле, толькі для 20% беларусаў рэлігія вельмі важная (у тым ліку, для 24% жанчын і для 15% мужчын), для 45% – важная, а для 32% – не вельмі важная ці зусім няважная. Разам з тым у параўнанні з дзяцінствам і маладосцю важнасць рэлігіі для людзей вырасла з 59% да 65%. У прыватнасці, з 73% праваслаўных беларусаў заявілі, што былі выхаваныя ў праваслаўі, толькі 59%. У той жа час 10% беларусаў раней не адносілі сябе да ніякай рэлігіі, тады як зараз такіх засталося толькі 3%.
З апытаных 15% наведваюць царкву штотыднёва (у тым ліку, 12% тых, хто называе сябе праваслаўным, і 25% тых, хто адносіць сябе да каталікоў), 40% – штомесяц/штогод, яшчэ 40% – рэдка, ніколі. Моляцца штодзённа 25% рэспандэнтаў (у тым ліку, 22% праваслаўных і 39% каталікоў). Доля тых, хто моліцца, большая сярод жанчын (33%), чым сярод мужчын (15%).
34% праваслаўных прымаюць прычасце, посцяцца – 27%, складаюць царкоўныя ахвяраванні – 14%. Сярод каталікоў гэтыя лічбы складаюць адпаведна – 52%, 37% і 18%.
Чытаюць Біблію прынамсі штомесяц – 24% праваслаўных і 38% каталікоў, дзеляцца верай ці кажуць пра Бога – 23% праваслаўных і 39% каталікоў.
88% праваслаўных маюць абразы (92% каталікоў), запальваюць свечкі ў царкве – 76% (сярод каталікоў робяць гэта 62%) і носяць рэлігійныя атрыбуты – 61% (сярод каталікоў – 63%).
Таксама варта адзначыць, што сярод тых, хто лічыць сябе праваслаўнымі, былі ахрышчаныя толькі 96%, сярод каталікоў – 97%.
Між тым 19% праваслаўных вераць гараскопам, картам таро, прадказальніцам, да знахарак ходзяць 26%. Сярод каталікоў доля такіх людзей складае 17% і 18%.
Магчыма, такія вынікі можна патлумачыць тым, што толькі для 34% праваслаўных праваслаўе – гэта перадусім вынік персанальнай веры, тады як для 55% – вынік нацыянальнай культуры і/ці сямейнай традыцыі. 8% – праваслаўныя як у выніку персанальнай веры, так і нацыянальнай культуры і сямейных традыцый. Пры гэтым для каталікоў лічбы размеркаваліся наступным чынам: 40%, 42% і 18%. Рэлігія – перадусім вынік нацыянальнай культуры для 16% праваслаўных і 14% каталікоў.
71% праваслаўных ганарыцца быць праваслаўнымі, а 83% каталікоў – каталікамі. 41% праваслаўных адчуваюць рэлігійныя сувязі з замежжам, сярод каталікоў гэтая лічба – 64%.
32% беларусаў вераць, што іх вера – адзіная, якая вядзе да вечнага жыцця ў небе, а 32% – што існуе толькі адзін шлях інтэрпрэтаваць іх веру.
З даследвання таксама вынікае, што 83% праваслаўных бацькоў гадуюць сваіх дзяцей хрысціянамі. Сярод праваслаўных бацькоў 60% заявілі, што іх дзеці наведваюць царкву 60%, 13% ходзяць у нядзельную школу, 30% – моляцца ці чытаюць Біблію.
Палітыка і рэлігія
У поглядзе беларусаў на рэлігійныя інстытуты пераважаюць станоўчыя погляды, але вялікая доля і тых, хто лічыць наадварот. Так, 62% апытаных лічаць, што рэлігійныя інстытуты злучаюць людзей і ўмацоўваюць грамадства, 64% – умацоўваюць маральнасць у грамадстве, 49% – адыгрываюць важную ролю ў дапамозе бедным і патрабуючым, 20% – зашмат засяроджваюцца на грошах і ўладзе, 28% – зашмат засяроджваюцца на правілах, 21% – зашмат уцягнутыя ў палітыку.
42% рэспандэнтаў мяркуюць, што ўлады павінныя спрыяць распаўсюду рэлігіі, тады як 50% лічаць, што рэлігія і палітыка ўладаў мусяць быць адасобленыя.
9% беларусаў лічаць, што рэлігійныя лідары маюць вялікі ўплыў на палітыку, яшчэ 38% – некаторы ўплыў. Пры гэтым 30% мяркуюць, што рэлігійныя лідары павінныя мець вялікі/некаторы ўплыў у палітыцы, 62% – невялікі альбо не мець зусім.
44% апытаных згодныя са сцвярджэннем, што дамінуючая канфесія павінная мець фінансавую падтрымку ад уладаў, 37% – што і іншыя рэлігійныя групы таксама. Што тычыцца замежнага фінансавання рэлігійных арганізацыяў, то 43% згодныя на атрыманне яго хрысціянскімі арганізацыямі і толькі 19% – мусульманскімі.
krynica.info [2]