- Каталіцкі Веснік - https://catholicnews.by -

Разважанне на XVII звычайную нядзелю. Год В

[1]Евангелле Ян 6, 1–15

“У той час:

Езус адышоў на другі бок Галілейскага або Тэберыядскага мора. Ішло за Ім мноства людзей, таму што бачылі цуды, якія Ён чыніў над хворымі.

Езус узышоў на гару і сядзеў там са сваімі вучнямі. А набліжалася Пасха, юдэйскае свята.

Калі Езус узняў вочы і ўбачыў, што мноства людзей ідзе да Яго, сказаў Філіпу: Дзе нам купіць хлеба, каб накарміць іх? А казаў гэта, выпрабоўваючы яго, бо сам ведаў, што збіраўся рабіць.

Філіп адказаў Яму: Хлеба на дзвесце дынараў не хопіць, каб кожнаму дасталося хоць крыху. Адзін з вучняў Ягоных, Андрэй, брат Сымона Пятра, кажа Яму: Ёсць тут адзін хлопец, які мае пяць ячменных хлябоў і дзве рыбы,  але што гэта для такога мноства?             

Езус сказаў: Загадайце ім сесці. А было на тым месцы шмат травы. І селі людзі, якіх было каля пяці тысяч.

Езус узяў хлябы і, падзякаваўшы, раздаў тым, хто сядзеў; таксама і рыбы, колькі хто хацеў. А калі насыціліся, сказаў вучням сваім: Збярыце кавалкі, што засталіся, каб нічога не змарнавалася. Сабралі і напоўнілі дванаццаць кашоў кавалкамі з пяці ячменных хлябоў, якія засталіся пасля тых, хто еў.

Калі ж людзі ўбачылі, які цуд учыніў Езус, казалі: Ён сапраўды прарок, які мае прыйсці на свет. Калі Езус даведаўся, што хочуць прыйсці і схапіць Яго, каб зрабіць каралём, зноў адышоў на гару адзін”.

Сённяшняе Евангелле паказвае нам цуд памнажэння хлябоў і рыбы. Быў прыгожы вясенні дзень і ў гэты дзень, на прыгожым зялёным полі, вакол Хрыста збіраецца мноства людзей, якіх трэба накарміць. Бачачы стомлены народ, Езус задае Філіпу пытанне: “Дзе нам купіць хлеба, каб накарміць іх?”. Гэта не пытанне з цікавасці.

Настаўнік задае яго Філіпу каб падрыхтаваць яго да здзяйснення цуду і каб прысутнымі цуд быў прыняты з верай. Бог жадае супрацоўніцтва людзей, каб ва ўсе справы мы ўносілі свой асабісты ўклад, бо вельмі проста прасіць Бога аб нейкай ласцы, напрыклад аб навяртанні, і ў той самы час не змяняць стылю свайго жыцця. Гэта Божы спосаб дапамагчы нам узрастаць у веры і адвазе, але і таксама  гэта Яго жаданне больш цесна далучыць нас да Свайго жыцця.

Андрэй, брат Сымона Пятра, кажа Езусу, што ёсць тут адзін хлопец, які мае пяць ячменных хлябоў і дзве рыбы. І Езус, узносячы падзяку Богу, памнажае гэты хлябы і рыбу. Памнажае настолькі, што імі насычаецца вялікая колькасць народу: “Сабралі і напоўнілі дванаццаць кашоў кавалкамі з пяці ячменных хлябоў, якія засталіся пасля тых, хто еў”.

Нам дакладна не вядома як адбыўся гэты цуд, але, як мяркуюць некаторыя Айцы Касцёла, хлеб працягваў памнажацца ў кашах, у якія вучні ўкладалі свае рукі, так як гэта адбывалася, падчас цуду памнажэння алею, здзейсненага прарокам Елісеем, калі збан з алеем пазаставаўся поўным да таго моманту, пакуль ім не напоўнілася ўся пасуда, якая была ў доме ўдавы.  (2 Вал 4,1-7).

У евангельскім апавяданні святы Ян удакладняе, што “набліжалася Пасха, юдэйскае свята”. Крыху пазней, у гэтым жа раздзеле, ён апіша прамову Хрыста аб хлебе жыцця. Такім чынам, евангеліст Ян робіць відавочным сімвалізм і лучнасць пасхальнай і эўхарыстычнай таямніцы.

У Эўхарыстыі Бог прыходзіць да нас, можам нават сказаць, што Ён дорыць сябе нам. Мерай гэтага дару з’яўляецца не што іншае, як любоў, а любоў прадугледжвае дар сябе самога з пачуццём радаснай ахвяры. Вось чаму “калі Езус даведаўся, што хочуць прыйсці і схапіць Яго, каб зрабіць каралём, зноў адышоў на гару адзін” (Ян 6, 15), бо Яго каралеўства — гэта любоў і служэнне.

Разважанне падрыхтаваў кс. Аляксей Ляшко