“У той час:
Езус паклікаў Дванаццаць і пачаў высылаць іх па двое, і даў ім уладу над нячыстымі духамі. І наказаў ім не браць у дарогу нічога, апрача толькі кія: ні хлеба, ні торбы, ні медзі ў поясе, але абувацца ў сандалі і не апранаць дзвюх вопратак.
І сказаў ім: Калі дзе ўвойдзеце ў дом, заставайцеся там, пакуль не выйдзеце адтуль. І калі ў якім месцы не прымуць вас і не будуць слухаць вас, то, выходзячы адтуль, абтрасіце пыл, што пад нагамі вашымі, дзеля сведчання супраць іх.
І, пайшоўшы, яны прапаведавалі пакаянне, і выганялі шмат дэманаў, і шмат хворых намашчвалі алеем, і вылечвалі”.
Сённяшнее Евангелле паказвае нам пакліканне і высыланне Дванаццаці апосталаў, па двое, каб прапаведаваць пакаянне, аздараўляць хворых і вызваляць апантаных д’яблам. Езус просіць іх рабіць тое, што пазней успамінае апостал Пётр у адной са сваіх прамоў у Дзеях Апосталаў: “Бог намасціў Духам Святым і моцай Езуса з Назарэта, які хадзіў, робячы дабро і аздараўляючы ўсіх, апанаваных д’яблам, бо з Ім быў Бог (Дз 10, 38). Гэта місія, да якой кожны хрысціянін павінен адчуваць пакліканне, бо кожны хрысціянін з’яўляцца місіянерам, апосталам сённяшняга часу.
Евангельскі ўрывак удакладняе, што вучні высылаюцца “па двое” (Мк 6, 7). Гэта падкрэслівае, што місіянер не нейкі “самотны авантурыст”. Ён не толькі дзейнічае ў адпаведнасці з даручанай яму Касцёлам місіяй, але выконвае сваю місію разам з іншымі, супольна. Езус вельмі добра ведаў перашкоды, з якімі сутыкнуцца апосталы падчас абвяшчэння Добрай Навіны і лічыў, што два чалавекі змогуць лепш абараніць сябе ад непрыемнасцяў. Але прычына не толькі ў гэтым. Сумеснае жыццё пасланых для абвяшчэння Евангелля, пашана адзін да аднаго, іх адносіны, з’яўляюцца місійным сведчаннем, якое робіць прысутным Хрыста сярод тых, каму абвяшчаецца Добрая Навіна.
Прыклад хрысціянства складаецца не з вялікай дзейнасці, або працы на карысць іншых, але з адносін паміж самімі хрысціянамі і місіянерамі. Братэрства — гэта галоўная якасць і сведчанне пасланнікаў. Акрамя таго, знаходжанне разам у місійным падарожжы стварае пэўную напружанасць, а гэта, у сваю чаргу, выпрабоўвае здольнасць цярпець, размаўляць, слухаць і паважаць іншага.
Езус “даў ім уладу над нячыстымі духамі”. Дух — гэта сіла і калі ён паходзіць ад Бога, яго называюць Святым Духам. Не толькі за яго ўзвышаную якасць, але і за яго дзейнасць абараняць людзей ад зла, ад дэманаў. Калі ён паходзіць з рэчаіснасці, супрацьлеглай Богу, яго называюць нячыстым духам. Гэтая ўлада над нячыстымі духамі мае двайное значэнне. З аднаго боку гэта канкрэтнае вызваленне людзей ад гэтых духаў, якія перашкаджаюць прымаць Евангелле, а з іншага боку, гэта ўлада дапамагае працаваць над самім сабой, бо каб некага вызваліць, трэба самому быць цалкам свабодным.
Разважанне падрыхтаваў кс. Аляксей Ляшко