“У той час:
Абурыліся на Езуса юдэі за тое, што Ён сказаў «Я хлеб, які сышоў з неба», і казалі: Ці не Езус гэта, сын Юзафа, бацьку якога і маці мы ведаем? Як жа Ён кажа «Я сышоў з неба»?
Езус сказаў ім у адказ: Не абурайцеся між сабою. Ніхто не можа прыйсці да Мяне, калі Айцец Мой, які паслаў Мяне, не прыцягне яго, і Я ўваскрашу яго ў апошні дзень. У прарокаў напісана: Усе будуць навучаны Богам.
Кожны, хто чуў ад Айца і навучыўся, прыйдзе да Мяне. Гэта не значыць, што хтосьці бачыў Айца; толькі той, хто ад Бога, бачыў Айца. Сапраўды, сапраўды кажу вам: хто верыць у Мяне, мае жыццё вечнае.
Я ёсць хлеб жыцця. Айцы вашыя елі манну ў пустыні і памерлі. А гэта – хлеб, які сыходзіць з неба, каб той, хто есць яго, не памёр. Я хлеб жывы, які сышоў з неба. Калі хто будзе есці хлеб гэты, будзе жыць вечна. А хлеб, які Я дам, гэта цела Маё дзеля жыцця свету”.
У сённяшнім Евангеллі мы чуем, як Пан прамаўляе словы вялікай глыбіні і прыгажосці. Святы Ян перадае нам прамову пра Хлеб жыцця адразу пасля двух цудаў, якія паказваюць боскасць Езуса і Яго панаванне над прыродай. Першы — памнажэнне хлябоў перад натоўпам; другі — гэта хаджэнне па вадзе ў прысутнасці адных апосталаў.
Некаторыя юдэі размаўляюць з Езусам, каментуючы факт памнажэння хлябоў, і Настаўнік выкарыстоўвае гэты дыялог, каб растлумачыць, што важная не ежа, якая сілкуе чалавека ў зямным жыцці, а хлеб, які сышоў з неба, які патрэбен для вечнага жыцця. Акрамя таго, Езус таямнічым чынам атаясамлівае сябе з гэтым Хлебам жыцця. І гэтае выказванне не пакінула абыякавымі Яго слухачоў. Многім з іх гэта здалося абсурдным: “Абурыліся на Езуса юдэі за тое, што Ён сказаў «Я хлеб, які сышоў з неба»”.
Абурэнне юдэяў перад абліччам логікі і Божай прадбачнасці не новае. Іх продкі, некалькі стагоддзяў таму, паддаліся такой спакусе ў пустыні. У той час яны апынуліся перад прарокам Маісеем, які абяцаў ім хлеб, які сышоў з неба, манну, якую яны будуць есці падчас падарожжа ў абяцаную іх бацькам зямлю. Але выбранаму народу не хапала здольнасці глядзець на рэчы вачыма Бога, не хапала веры.
У Бібліі абурэнне з’яўляецца сінонімам адмовы верыць, гэта праяўленне варожасці, гэта адмова, калі сутыкаешся з прапановай Бога. А мы ведаем, што Бог прапануе Сябе, але не прымушае, прапануе, але не навязвае. Ён стукаецца ў дзверы, але не ламае іх. Такім чынам, вера з’яўляецца дарам Божым, але гэта таксама акт свабоднага выбару. Кожны пакліканы да веры, але не кожны адказвае верай.
Юдэі не жадалі ісці боскімі сцежкамі веры, яны жадалі бачных знакаў. Але бачылі перад сабой толькі Езуса, бацькам якога быў Юзаф. Аднак гэты самы Езус не пераставаў паўтараць, што яго Айцом з’яўляецца Бог і менавіта таму Ён можа называць сябе Хлебам, які сышоў з неба: “Я хлеб жывы, які сышоў з неба. Калі хто будзе есці хлеб гэты, будзе жыць вечна. А хлеб, які Я дам, гэта цела Маё дзеля жыцця свету”. Гэта азначае, што кожны, хто Яго спажывае, ніколі не будзе адчуваць голаду, і хто верыць у Яго, ніколі не будзе адчуваць смагі. Езус — гэта той, хто нам патрэбны больш, чым штодзённы хлеб. Езус — сапраўдны Божы дар, здольны запоўніць нашы самыя глыбокія чаканні.
Езус, Сын Божы, адзіны здольны накарміць нашыя сэрцы і насыціць нас сёння і навекі. Манна, якую елі юдэі ў пустыні, не ўратавала іх ад смерці. А хто есць Хлеб жывы, які ёсць целам Хрыста, будзе жыць вечна.
Разважанне падрыхтаваў кс. кан. Аляксей Ляшко
