У той час:
Езус сказаў сваім вучням: Няхай сцёгны вашыя будуць падперазаныя і светачы запаленыя, а вы — падобныя да людзей, якія чакаюць вяртання свайго гаспадара з вяселля, каб, калі прыйдзе і пастукаецца, адразу адчыніць яму.
Шчаслівыя тыя слугі, якіх гаспадар знойдзе ў чуванні, калі прыйдзе. Сапраўды кажу вам, што ён падпяражацца, і пасадзіць іх і, падышоўшы, пачне служыць ім. І калі ў другую варту і ў трэцюю варту прыйдзе і знойдзе іх так, то шчаслівыя яны.
Езус сказаў сваім вучням: Ведайце ж, што калі б гаспадар дому ведаў, у якую гадзіну прыйдзе злодзей, то не спаў бы і не дазволіў бы ўварвацца ў дом свой. Будзьце ж і вы гатовыя, бо ў гадзіну, аб якой не думаеце, прыйдзе Сын Чалавечы.
Няўпэўненасць у будучыні, невядомасць заўтрашняга дня, хісткасць і неазначальнасць у тым, што нас чакае, часта напаўняюць сэрца чалавека трывогай. Мы імкнёмся кантраляваць сваё жыццё, планаваць кожны крок, але ў рэшце рэшт разумеем, што многае знаходзіцца па-за нашым уплывам і сіламі. У гэтай непазбежнай нявызначанасці чалавек шукае апоры, суцяшэння і надзеі. Менавіта ў такім кантэксце сённяшняе Евангелле прапануе нам чуванне, не бяздзейнае а актыўнае, поўнае веры чаканне, якое змяняе нашае стаўленне да будучыні. Чуванне — гэта малітва, якая не спіць, і любоў, якая не згасае нават у цемры выпрабаванняў і цярпення. Яно заклікае нас быць падрыхтаванымі да сустрэчы з Панам у любы момант, бо ў гэтай гатоўнасці крыецца ключ надзеі на збаўленне.
Езус сказаў сваім вучням: «Няхай сцёгны вашыя будуць падпяразаныя і светачы запаленыя, а вы — падобныя да людзей, якія чакаюць вяртання свайго гаспадара з вяселля, каб, калі прыйдзе і пастукаецца, адразу адчыніць яму» (Лк 12, 35–36). Гэтыя словы Езуса — метафарычны заклік да актыўнай гатоўнасці і чування. У часы Хрыста падпяразаныя сцёгны (грэц. περιεζωσμέναι) азначалі гатоўнасць да працы або да далёкай дарогі, бо доўгае адзенне перашкаджала руху. Гэта сімвал духоўнай энергіі, маральнай цвярозасці, гатоўнасці да дзеяння, а не да ляноты, а таксама гатоўнасць да духоўнай барацьбы і перамянення. Яно нагадвае пра падзеі Пасхі ў Старым Запавеце, калі народ Ізраэля павінен быў есці пасхальную вячэру з падпяразанымі сцёгнамі, будучы гатовым да зыходу (пар. Вых 12, 11).
Запаленыя светачы (грэц. λύχνοι καιόμενοι) сімвалізуюць духоўнае святло, веру і добрыя ўчынкі, якія асвятляюць шлях і дазваляюць бачыць у цемры, і нагадваюць пра мудрых паннаў з прыпавесці, якія мелі алей у сваіх свяцільнях (пар. Мц 25, 1-13). Гэта таксама святло Божай ласкі, якая гарыць у нашых сэрцах і павінна быць бачнай для іншых, як маяк у цемры. Параўнанне з паннамі, якія чакаюць гаспадара з вяселля, падкрэслівае важнасць пастаяннага і трывалага чування ды гатоўнасці да прыходу Пана, які можа адбыцца нечакана і ў любы час. Гэта вяселле сімвалізуе эсхаталагічны баль, шлюб Ягняці (пар. Ап 19, 7-9), які чакае верных. Адчыніць адразу, без затрымкі, азначае духоўную чуласць і гатоўнасць прыняць Пана ў сваё сэрца ў кожны момант.
Заклік да чування — не проста пасіўнае чаканне, але дзейнае жыццё ў веры. Чуванне ў хрысціянскай традыцыі — гэта не толькі фізічнае няспанне, але і духоўная пільнасць, пастаянная адкрытасць на Божую волю і адчувальнасць да дзеяння Духа Святога. Яно патрабуе ўнутранай дысцыпліны, адмовы ад празмернасцяў і канцэнтрацыі на духоўных вартасцях. Малітва і чуванне з’яўляюцца неад’емнымі элементамі хрысціянскага жыцця, якія дазваляюць нам заўсёды быць гатовымі да сустрэчы з Хрыстом. Быць гатовым — значыць жыць так, каб кожны дзень мог стаць вечнасцю. Пра гэта сведчыць і старазапаветная традыцыя, дзе гатоўнасць да сустрэчы з Богам заўсёды была ключавой, як, напрыклад, у кнізе Зыходу, дзе народ Ізраэля рыхтаваўся да сустрэчы з Богам на гары Сінай з падперазанымі сцёгнамі (пар. Зых 19, 10-11). Такім чынам, духоўнае чуванне з’яўляецца працягам гісторыі збаўлення, якая вядзе да поўнай сустрэчы з Богам і да ўсведамлення нашай адказнасці як «людзей, якія чакаюць вяртання свайго гаспадара з вяселля», падобных да тых, пра якіх гаварылі прарокі (пар. Езк 33, 1-9).
«Шчаслівыя тыя слугі, якіх гаспадар знойдзе ў чуванні, калі прыйдзе. Сапраўды кажу вам, што ён падпяражацца, і пасадзіць іх і, падышоўшы, пачне служыць ім. І калі ў другую варту і ў трэцюю варту прыйдзе і знойдзе іх так, то шчаслівыя яны» (Лк 12, 37–38). Гэтыя словы Езуса раскрываюць незвычайную перспектыву ўзнагароды за вернасць. Звычайна слугі абслугоўвалі гаспадара, але тут Хрыстус апісвае зваротную сітуацыю, дзе Пан сам служыць сваім слугам. Гэта вобраз Божай любові і міласэрнасці, якая пераўзыходзіць усе чалавечыя чаканні і пераварочвае звыклыя ўяўленні пра ўладу. Гаспадар падпяразваецца, што сімвалізуе ягоную гатоўнасць служыць, а не прымаць служэнне, і сам пасадзіць іх за стол, што з’яўляецца вобразам эўхарыстычнага святкавання і вечнага яднання з Панам у Божым Валадарстве. Пастава служэння адлюстроўвае кенозіс (грэц. κένωσις, літ. самапрыніжэнне) Хрыста, які «не на тое прыйшоў, каб Яму служылі, але каб служыць» (пар. Мк 10, 45). Гэты дар служэння, які Пан прапануе верным слугам, з’яўляецца найвышэйшай узнагародай, што пацвярджае Яго найвышэйшую любоў. Згадка пра другую і трэцюю варту, якія ахоплівалі час ад дзевяці вечара да шасці раніцы, падкрэслівае, што гаспадар можа прыйсці ў любы нечаканы момант ночы, што сімвалізуе непрадказальнасць прыходу Хрыста — як у момант смерці, так і ў канцы часоў, у дзень суда. Тыя, хто будзе трываць у чуванні, атрымаюць асаблівае благаслаўленне і ўдзел у Божай хвале, бо іхняя вернасць будзе ўзнагароджана Божай прысутнасцю. Сённяшняя прыпавесць падкрэслівае глыбокую пакору Пана, які прыходзіць не як строгі суддзя, а як міласэрны Айцец, жадаючы служыць тым, хто верна чакаў Яго.
Далей Езус сказаў сваім вучням: «Ведайце ж, што калі б гаспадар дому ведаў, у якую гадзіну прыйдзе злодзей, то не спаў бы і не дазволіў бы ўварвацца ў дом свой. Будзьце ж і вы гатовыя, бо ў гадзіну, аб якой не думаеце, прыйдзе Сын Чалавечы» (Лк 12, 39–40). Гэтыя словы пра злодзея падкрэсліваюць неабходнасць пастаяннай гатоўнасці. Злодзей прыходзіць нечакана, і толькі чуванне можа абараніць ад страт і выратаваць нават жыццё. Пан параўноўвае свой прыход, прыход Сына Чалавечага, з прыходам злодзея, каб падкрэсліць раптоўнасць і непрадказальнасць гэтага моманту. Гэта не пагроза, а заклік да асаблівай пільнасці і ўважлівасці. Пан заклікае сваіх вучняў быць «гатовымі», што азначае актыўную падрыхтоўку да сустрэчы з Панам праз малітву, добрыя ўчынкі, вернасць Божым запаведзям і Божай волі. Нам не дадзена ведаць дакладны час прыходу Хрыста, але гэтае няведанне павінна матываваць нас да пастаяннага духоўнага чування. Гэта заклік жыць кожны дзень так, нібы ён апошні, у глыбокай сувязі з Богам і ў адкрытасці на Ягоную волю, каб мы маглі сустрэць Яго з радасцю, а не з сорамам і расчараваннем. Час не наш вораг, а наш настаўнік: ён вучыць нас любіць, пакуль не позна. Няведанне дакладнага часу не павінна прыводзіць да страху, а да большай любові і даверу, бо кожны момант становіцца магчымасцю для ўзрастання ў святасці і міласэрнасці. Апостал Павел нагадвае нам: «Заўсёды радуйцеся. Няспынна маліцеся. За ўсё дзякуйце» (1 Тэс 5, 16-18), што ёсць яшчэ адным пацвярджэннем важнасці пастаяннай духоўнай кандыцыі і бадзёрасці.
Сённяшняе Евангелле, нібы компас у моры жыцця, паказвае нам шлях да сапраўднай мудрасці — мудрасці праз вернасць, праз малітву і чуванне, заклікае нас да няспыннай гатоўнасці да сустрэчы з Панам. Сэрца, якое чакае Пана, ужо жыве ў Яго прысутнасці. Няхай жа кожны дзень стане для нас магчымасцю для ўзрастання ў любові, дабрыні і вернасці Божым запаведзям, каб мы, падобна верным слугам, маглі з радасцю сустрэць прыходзячага Хрыста. Хрыстус не толькі той, хто прыходзіць, але і той, хто ўжо стаіць ля дзвярэй. Нашае хрысціянскае пакліканне — гэта пакліканне да святасці, якое вымагае ад нас пастаяннай працы над сабой, адмовы ад граху і імкнення да дасканаласці ў любові. Святасць — гэта не ўзнагарода за чаканне, а плод вернага і дзейнага чування. Няхай жа гэтая праўда пранікне ў глыбіню нашых сэрцаў, напаўняючы іх спакоем і надзеяй, каб мы маглі выстаяць мужна ў любых выпрабаваннях і з радасцю сустрэць прыход Пана.
Разважанне падрыхтаваў кс. канонік Сяргей Сурыновіч
