- Каталіцкі Веснік - https://catholicnews.by -

Разважанне на VІII Звычайную Нядзелю. Год С. 27 лютага

[1]Евангелле Лк 6, 3945

У той час:

Езус расказаў сваім вучням такую прыпавесць: Хіба можа сляпы вадзіць сляпога? Ці ж не зваляцца абодва ў яму?

Вучань не большы за настаўніка. Але кожны добра падрыхтаваны стане такім, як яго настаўнік.

Чаму ты бачыш шчэпку ў воку брата свайго, а бервяна ва ўласным воку не заўважаеш? Як ты можаш казаць брату свайму: Дай, браце, я выцягну шчэпку з вока твайго, — калі сам не бачыш бервяна ў сваім воку? Крывадушнік, выцягні спачатку бервяно са свайго вока, і тады ўбачыш, як выцягнуць шчэпку з вока свайго брата.

Няма добрага дрэва, якое б прыносіла дрэнны плод, ці дрэннага дрэва, якое б прыносіла добры плод. Бо кожнае дрэва пазнаецца па ягоным плодзе: не збіраюць з церня смоквы, а з куста ажын не збіраюць вінаграду. Добры чалавек выносіць з добрага скарбу сэрца дабро, а дрэнны чалавек з благога сэрца выносіць зло, бо пра тое, чым напоўнена сэрца, гавораць вусны ягоныя.

У сённяшнім Евангеллі Езус заахвочвае нас да працы над сабой. Сапраўды, вельмі важна, каб мы імкнуліся да пэўнага ідэалу дасканаласці ў нашым жыцці. Духоўны свет вельмі рэальны і патрабуе нашай увагі. Было б вельмі памылкова звяртаць увагу толькі на патрэбы нашага цела. Езус закранае таксама пытанне духоўнага кіраўніцтва. Дзе знайсці праўду ў сучасным свеце, які крычыць, што праўдаў шмат або, што праўду немагчыма спазнаць? Перш за ўсё, нам варта памятаць, што адзіны наш Настаўнік – гэта Езус. Нам трэба слухаць Яго слова, чытаць яго і разважаць у сваім сэрцы. Толькі так можна дакрануцца да Божай Праўды. Па-другое, вельмі важна слухаць тых, каго Езус пакінуў сваімі наступнікамі на зямлі. Я маю на ўвазе Папу і біскупаў у лучнасці з ім. Касцёл за сваю тысячагадовую гісторыю назапасіў значны вопыт у духоўнай барацьбе са злом. Варта пазнаёміцца з выказваннямі і кнігамі славутых каталіцкіх тэолагаў і асветнікаў. Калі ж больш пазнаёмлюся з навучаннем Касцёла, тады і сам змагу быць правадніком для кагосьці іншага. Стараймася ў сваім жыцці прыносіць добры плён, каб квітнела Валадарства Божае на зямлі!

Разважанне падрыхтаваў кс. канонік Віктар Місевіч