- Каталіцкі Веснік - https://catholicnews.by -

Разважанне на VІ Звычайную Нядзелю. Год С. 13 лютага

[1]Евангелле Лк 6, 17.20-26

У той час: Езус сышоў з Дванаццаццю ўніз і стаў на раўніне. І быў там вялікі натоўп вучняў Ягоных і вялікае мноства людзей з Юдэі і Ерузалема, з узбярэжных ваколіц Тыра і Сідона. Тады Ён узняў вочы свае на вучняў сваіх і сказаў:

Шчаслівыя ўбогія духам, бо ваша ёсць Валадарства Божае.

Шчаслівыя, якія цяпер галадаеце, бо насычаны будзеце.

Шчаслівыя, якія цяпер плачаце, бо смяяцца будзеце.

Шчаслівыя вы, калі ўзненавідзяць вас людзі, і калі адрынуць вас, і будуць зневажаць, і з-за Сына Чалавечага адкінуць імя вашае, як зло. Радуйцеся ў той дзень і весяліцеся, бо вялікая ўзнагарода ваша ў небе. Бо так  паступалі з прарокамі айцы іхнія. Але гора вам, багатыя, бо вы ўжо атрымалі сваё суцяшэнне. Гора вам, якія цяпер сытыя, бо галадаць будзеце. Гора вам, якія цяпер смеяцеся, бо смуткаваць і плакаць будзеце. Гора вам, калі ўсе людзі будуць добра казаць пра вас, бо так паступалі з фальшывымі прарокамі айцы іхнія.

Евангеліст Лука перадае нам пропаведзь Езуса на раўніне. Па зместу яно падобнае да пропаведзі на Гары бласлаўленняў. У тэксце св. Лукі мы знаходзім ужо знаёмыя нам словы: Шчаслівыя ўбогія духам, шчаслівыя, якія цяпер галадаеце, шчаслівыя, якія цяпер плачаце. Якое ж шчасце нам ад таго, што мы ў нечым маем патрэбу? Чаму Езус звяртае нашу ўвагу на беднасць, недастатак і кажа, што ў гэтым нашае шчасце?

Справа ў тым, што Езус падказвае нам, як лепш даверыцца Айцу Нябеснаму. Бо сапраўды, багаты чалавек спадзяецца на свае грошы і ўладу. Ён многага можа дабіцца, выкарыстоўваючы іх. Але ў гэтым і крыецца небяспека. Грошы і ўлада могуць стаць самамэтай і сэнсам жыцця. А гэта ўжо азначае жыццёвую паразу. Таму што грошы не могуць даць вечнага шчасця. Яны ўсяго толькі сродак, каб нешта купіць.

Убогасць духоўная азначае ўменне спадзявацца ва ўсім толькі на Пана Бога. І беднаму чалавеку сапраўды лягчэй мець Пана за адзінага свайго Валадара. Ці ж зараблянне грошай ёсць нечым грахоўным? Абсалютна не. Але валодаць матэрыяльнымі сродкамі мы павінны мудра, па-хрысціянску. Успомню, калі я апошні раз даваў міласціну? Калі апошні раз бескарысна дапамог патрабуючым? Калі апошні раз дапамог супольнасці Касцёла? Няхай нашыя сэрцы будуць поўныя міласэрнасці і спагады.

Разважанне падрыхтаваў кс. канонік Віктар Місевіч