Натоўп ціснуўся да Езуса, каб слухаць слова Божае, а Ён стаяў каля возера Генэзарэт. І ўбачыў Ён два чаўны, якія стаялі каля возера, а рыбакі выйшлі з іх і паласкалі сеткі. Увайшоўшы ў адзін з чаўноў, які належаў Сымону, папрасіў яго крыху адплысці ад берага. Тады Ён сеў і вучыў людзей з чаўна.
А калі скончыў гаварыць, сказаў Сымону: Плыві на глыбіню, а вы закіньце сеткі вашыя для ўлову. Сымон сказаў Яму ў адказ: Настаўнік, мы працавалі ўсю ноч і нічога не злавілі, але на Тваё слова закіну сеткі.
Зрабіўшы так, яны злавілі вялікае мноства рыбы, аж пачыналі рвацца іхнія сеткі. І ківалі супольнікам, якія былі ў другім чаўне, каб прыйшлі дапамагчы ім. Тыя прыйшлі і напоўнілі абодва чаўны, так што яны пачалі тануць.
Калі гэта ўбачыў Сымон Пётр, прыпаў да каленяў Езуса і сказаў: Адыдзі ад мяне, Пане, бо я чалавек грэшны. Бо з-за ўлову рыбы, якую злавілі, вялікае здзіўленне ахапіла яго і ўсіх, хто быў з Ім, а таксама Якуба і Яна, сыноў Зэбэдэя, якія былі супольнікамі Сымона.
Тады сказаў Езус Сымону: Не бойся, адгэтуль будзеш лавіць людзей. А калі выцягнулі чаўны на бераг, пакінулі ўсё і пайшлі за Ім.
Напэўна, кожнаму з нас знаёмае пачуццё расчаравання і прыкрасці, калі ўсё ідзе не так, як нам хацелася; калі вынікам нашых найлепшых намаганняў становіцца няўдача, а не поспех.
Можам уявіць, што менавіта так сябе адчуваў Сымон разам са сваімі супольнікамі ў тую раніцу на беразе возера Генэзарэт пасля начной лоўлі, якая замест багатага ўлову прынесла толькі стомленасць і расчараванне. У такой сітуацыі просьба Езуса скарыстацца чаўном Сымона дзеля таго, каб з яго звяртацца да людзей на беразе, магла здацца недарэчнай: напэўна, рыбакам не хацелася б затрымлівацца ў той дзень на месцы іхняй няўдачы даўжэй, чым гэта было неабходна.
І калі з павагі да Настаўніка Сымон задавальняе Ягоную просьбу, то прапанова Езуса выплысці другі раз на глыбіню, напэўна, прагучала яшчэ больш недарэчна: які сэнс у тым, каб вяртацца туды, дзе зусім нядаўна нічога не злавілі? Але дзякуючы паслухмянасці слову цесляра, які адначасова ёсць Панам усяго стварэння, той дзень з няўдачы ператварыўся ў досвед надзвычайнага багацця.
Пачуты намі сёння ў літургіі евангельскі эпізод на Галілейскім моры — вельмі асаблівая праява моцы Божага Сына, які мае ўладу над усім існым. Аднак жа гэтая падзея — не штосьці выключнае: не толькі таму, што на працягу евангельскага аповеду мы даведваемся і пра іншыя прыклады ўлады Хрыста над сіламі прыроды, але і таму, што таксама ў нашым жыцці праз веру мы можам зведаць тое багацце, да якога прыводзіць паслухмянасць слову Езуса.
Услухоўваючыся сёння ў Евангелле, мы запрошаныя ў першую чаргу ўсвядоміць, як Бог ужо праявіў сваю дабрыню і клопат пра нас настолькі, наколькі мы былі гатовыя давяраць Яму — у тым ліку, магчыма, зусім нечаканымі і цудоўнымі спосабамі. Як наступны крок, мы можам аднесці да сябе заклік Езуса «выплысці на глыбіню» нашага жыцця, даверыўшыся Ягонаму слову і такім чынам адкрываючыся на яшчэ большыя праявы Ягонай любові, якая перамагае ўсё, нават смерць.
Святы Павел у другім чытанні нагадвае нам пра гэтую галоўную праўду нашай веры: Сын Божы — Уцелаўлёная Любоў — прыйшоў у гэты свет не проста дзеля таго, каб навучыць людзей карысным рэчам і паказаць цуды, але каб з’явіць перамогу над смерцю сваім уваскрасеннем.
Вера ў Езуса, які памёр за нас і ўваскрос і які аб’яўляе сябе нам як Жывы Пан, — вось крыніца ўсяго багацця Божага благаслаўлення і ласкі вернікам.
І да кожнага з нас, вучняў Езуса, скіравана запрашэнне дазволіць Яму ўвайсці ў човен нашага жыцця і адкрыць перад намі нязведаны шлях; ахвяраваць Яму нашыя рэсурсы, бо няма ім лепшага выкарыстання, чым тое, калі яны стануць сродкамі для будавання Божага Валадарства.
Няхай мы сёння пачуем і прымем гэты заклік Езуса, у нашай слабасці дазваляючы дзейнічаць Ягонай моцы. Амэн.
Разважанне падрыхтаваў а. Віктар Жук SJ
