- Каталіцкі Веснік - https://catholicnews.by -

Разважанне на V Звычайную Нядзелю. Год С. 6 лютага

[1]Евангелле Лк 5, 1-11

Натоўп ціснуўся да Езуса, каб слухаць слова Божае, а Ён стаяў каля возера Генэзарэт. І ўбачыў Ён два чаўны, якія стаялі каля возера, а рыбакі выйшлі з іх і паласкалі сеткі. Увайшоўшы ў адзін з чаўноў, які належаў Сымону, папрасіў яго крыху адплысці ад берага. Тады Ён сеў і вучыў людзей з чаўна.

А калі скончыў гаварыць, сказаў Сымону: Плыві на глыбіню, а вы закіньце сеткі вашыя для ўлову. Сымон сказаў Яму ў адказ: Настаўнік, мы працавалі ўсю ноч і нічога не злавілі, але на Тваё слова закіну сеткі. Зрабіўшы так, яны злавілі вялікае мноства рыбы, аж пачыналі рвацца іхнія сеткі. І ківалі супольнікам, якія былі ў другім чаўне, каб прыйшлі дапамагчы ім. Тыя прыйшлі і напоўнілі абодва чаўны, так што яны пачалі тануць.

Калі гэта ўбачыў Сымон Пётр, прыпаў да каленяў Езуса і сказаў: Адыдзі ад мяне, Пане, бо я чалавек грэшны. Бо з-за ўлову рыбы, якую злавілі, вялікае здзіўленне ахапіла яго і ўсіх, хто быў з Ім, а таксама Якуба і Яна, сыноў Зэбэдэя, якія былі супольнікамі Сымона. Тады сказаў Езус Сымону: Не бойся, адгэтуль будзеш лавіць людзей. А калі выцягнулі чаўны на бераг, пакінулі ўсё і пайшлі за Ім.

Чаму Езус выбраў Пятра, каб быў лаўцом людзей? Нешта было такое ў гэтым рыбаку, што спадабалася Настаўніку. Адказ на гэтае пытанне крыецца ў сённяшнім урыўку Евангелля. Будучы сведкам цудоўнага ўлову рыбы, Пётр звяртаецца да Езуса са словамі: Адыдзі ад мяне, Пане, бо я чалавек грэшны. Пётр, злавіўшы столькі рыбы, мог бы абагаціцца, прадаўшы яе. Ён мог бы папрасіць Настаўніка: Пане, застанься яшчэ на дзень, на два, на тыдзень. Мы яшчэ зловім шмат рыбы і заробім грошы! Замест гэтага Пётр кажа: адыдзі ад мяне, Пане, бо я не дастойны быць з табой. Пётр захапляецца веліччу Божага сына і адначасова заўважае сваю маленькасць і нікчэмнасць. Яму нават у галаву не прыходзіць ніякая думка пра развіццё рыбалоўнага бізнесу. Больш таго, калі Пётр чуе запрашэнне Езуса пайсці за Ім, ён немінуча гэта выконвае. Пётр кідае чаўны, рыбу, сеткі, свой дастатак і ідзе ў невядомае. З пункту гледжання рацыянальнага падыходу да жыцця такі ўчынак вельмі неразважны. Хто ў здаровым розуме кіне курыцу, якая нясе залатыя яйкі? Адметнасць Пятра ў тым, што яму замала быць проста рыбаком, замала задавольвацца звычайнай штодзённасцю. Пётр шукае Боскага ў сваім жыцці. Асоба Езуса яго настолькі захапіла, што ён пайшоў за Ім. Пётр вучыць нас сваім прыкладам, як выбіраць у жыцці самае каштоўнае. Ён вучыць нас, што Езус павінен быць у цэнтры нашай увагі і жыццёвага выбару. Нават калі будучыня здаецца такой няпэўнай, нават калі сумняюся ў сваіх уласных сілах і святасці, варта пайсці за Хрыстом. Таму што Езус ніколі не падмане. Пачуўшы Яго голас, ідзі за Ім. І атрымаеш сапраўдны скарб.

Разважанне падрыхтаваў кс. канонік Віктар Місевіч