У той час
Езус сказаў сваім вучням: Вы — соль зямлі. Калі ж соль страціць смак, то чым пасоліш яе? Яна ўжо ні на што не прыдасца, хіба што выкінуць яе вон на патаптанне людзям.
Вы — святло свету. Не можа схавацца горад, які стаіць на вяршыні гары. І, запаліўшы свяцільнік, не ставяць яго пад пасудзінаю, але на свечніку, і свеціць усім, хто ў доме.
Няхай святло вашае так свеціць перад людзьмі, каб яны бачылі вашыя добрыя ўчынкі і праслаўлялі Айца вашага, які ў нябёсах.
З самага пачатку сваёй публічнай дзейнасці ў Галілеі Езус намагаецца данесці свету Божую мудрасць. Ён прамаўляе знакамітае “казанне на Гары”, у якім змяшчаецца Яго праграма для нас, паслядоўнікаў Добрай навіны — канстытуцыя хрысціянства. Сёння мы хочам спыніцца на адным з важных заклікаў, які абавязвае нас быць соллю зямлі і святлом свету кожнага дня.
Соль — гэта непахісная і адназначная пазіцыя вучня Пана, смак катэгарычнасці і трываласці, што патрабуе неверагодных намаганняў у змаганні з уласнымі спакуснікамі. Мы схільныя падманваць сябе, толькі чулае і несапсаванае сумленне дазволіць не згубіць праўдзівы смак веруючага чалавека.
Не называйце пыху годнасцю, не называйце бунт абаронай, не называйце прагнасць клопатам.
Смак солі як смак праўды не дазволіць паверыць сваёй хлусні настолькі, каб яна здалася праўдай. Не кажыце сабе, што грэх мацнейшы за Езуса. Заставайцеся соллю, бо “калі ж соль страціць смак, то чым пасоліш яе?”
Сын Божы, які адкрывае нам таямніцу Айца ў моцы Духа Святога, з’яўляецца не толькі Святлом у сабе, але і Святлом, якое служыць, якое цалкам “для”: перш за ўсё для кожнага чалавека і ўсяго стварэння.
Святло дасягае нас рознымі спосабамі і шляхамі. Яго святло, што з’яўляецца крыніцай веры і любові, свеціць у нас, ззяе ў кожнай адкрытай праўдзе, у кожным моманце існавання і найменшай пульсацыі жыцця, у кожным бляску прыгажосці, у кожнай іскрынцы сапраўднай любові, на кожным адрэзку нашай жыццёвай дарогі ды ў кожным здарэнні і падзеі чалавечага быцця.
Праз Езуса Хрыста, у святле Духа Святога, мы адчуваем прысутнасць Айца. Мы маем у сабе Бога Творцу і Збаўцу, Пачатак і Канец усяго стварэння.
Святло вызнавання нашай веры свеціць у нас і паўсюль, дзе хтосьці дзеліцца сваім хлебам з галоднымі, прытуляе бедных, спяшаецца з дапамогаю патрабуючым. Падобная пастава верніка з’яўляецца несумненна ўдзелам у святле Бога і праменяваннем святлом веры, прамым адказам на заклік Хрыста: “няхай святло вашае так свеціць перад людзьмі, каб яны бачылі вашыя добрыя ўчынкі і праслаўлялі Айца вашага, які ў нябёсах”.
Разважанне падрыхтаваў кс. д-р Сяргей Сурыновіч