- Каталіцкі Веснік - https://catholicnews.by -

Разважанне на свята Узвышэння Святога Крыжа. Год С

[1]Евангелле Ян 3, 13–17

Ніхто не ўзышоў на неба, акрамя таго, хто з неба сышоў, — Сын Чалавечы. Як Майсей узняў змея ў пустыні, так павінен быць узняты Сын Чалавечы,каб кожны, хто верыць у Яго, меў жыццё вечнае. Бо так палюбіў Бог свет, што аддаў Сына свайго Адзінароднага, каб кожны, хто верыць у Яго, не загінуў, але меў жыццё вечнае. Бо не паслаў Бог Сына свайго ў свет, каб судзіць свет, але каб свет быў збаўлены праз Яго.

Ягнё Божае, узнесенае, каб перамагчы зло

Сённяшняе свята звяртае нашу ўвагу на крыж – парадаксальны інструмент збаўлення, выбраны Богам, каб даць адказ на зло, якое ўвайшло ў гісторыю чалавецтва. Евангельскі ўрывак, аднак, не кажа напрамую пра той сродак катавання, які быў прыменены да Езуса з Назарэту. “Бо так палюбіў Бог свет, што аддаў Сына свайго Адзінароднага, каб кожны, хто верыць у Яго, не загінуў, але меў жыццё вечнае. Бо не паслаў Бог Сына свайго ў свет, каб судзіць свет, але каб свет быў збаўлены праз Яго.” Гэтыя радкі Евангелля паводле Яна падсумоўваюць усю гісторыю збаўлення і нагадваюць пра тое, чым “кіруецца” Бог, прымаючы ўдзел у падзеях жыцця асобных людзей, цэлых народаў і ўсяго свету. Бог, які ёсць Любоў, не можа мець іншага матыву для сваіх дзеянняў, чым любоў.

Але паставім са ўсёй шчырасцю пытанне: ці гэтая “квінтэсэнцыя ўсяго Евангелля” (як называюць цытаваныя вышэй радкі некаторыя каментатары) знаходзіць адлюстраванне ў нашай рэчаіснасці? Ці мы бачым і з’яўляемся сведкамі таго, што Бог сапраўды “збаўляе свет”, у якім мы жывём? Ці ж не праўда хутчэй, што ўсё наадварот, калі не закрываць вочы на несправядлівасць, беззаконне, пераслед і насілле ў нашым свеце, у якім столькі войнаў і канфліктаў?

Такія пытанні хутчэй можна пачуць ад тых, хто выкарыстоўвае падобныя аргументы, каб даказаць адсутнасць Бога, але нам, веруючым, не трэба пазбягаць іх і спяшацца даваць надта лёгкія адказы. “Як Майсей узняў змея ў пустыні, так павінен быць узняты Сын Чалавечы”: у такой форме ў сённяшнім евангельскім урыўку гучыць прадказанне Пасхі Хрыста. Езус, узнесены на крыжы і менавіта такім чынам праслаўлены, “узвышаны” (евангеліст Ян падкрэслівае тут і паўсюль еднасць цярпення і хвалы Хрыста як Уваскрослага Пана) – вось той “знак”, без якога немагчыма даць адказ на пытанне пра рэчаіснасць зла вакол нас – зла, якое з’яўляецца наступствам свабоднага выбару чалавека, але якое бярэ на сябе Ягнё Божае. Езус, узнесены на крыжы, праз сваю смерць знішчае зло і смерць і становіцца Пераможцам ва ўваскрасенні: гэта Таямніца, у якой мы ўдзельнічаем у кожнай Эўхарыстыі і якая актуалізуецца зноў і зноў дзеля збаўлення свету – у той рэчаіснасці, у якой нам даводзіцца жыць (і якую нам хацелася б “выправіць” па-свойму, калі ад часу да часу на хвіліну бярэм на сябе роль Бога).

Дзякуючы гэтай веры мы можам ісці праз цяжкія моманты цярпення і болю з надзеяй, якая паходзіць ад прысутнасці Жывога, Уваскрослага Пана ў нашым жыцці – з той надзеяй, якая “не асароміць, таму што любоў Божая вылілася ў сэрцы нашыя праз Духа Святога, які дадзены нам” (Рым 5, 5). Калі ж мы глядзім на крыж, мы бачым не толькі наступствы зла, якія цярпеў наш Пан за нас, але і славу Ягонага ўваскрасення.

Мудрасць Крыжа

Мудрасць Евангелля – мудрасць крыжа, якую гэты свет лічыць глупствам, як сцвярджае св. Павел (пар. 1Кар 1, 22-24). Быць вучнем Езуса значыць несці свой крыж падобна таму, як Ён узяў крыж нашага збаўлення на свае плечы.

Нясенне крыжа, да якога заклікае Езус, — гэта ў першую чаргу не нейкая асаблівая аскеза і гераічнае шуканне дадатковых цяжараў, а прыняцце тых выклікаў, з якімі мы непазбежна сустракаемся ў нашым жыцці, як неабходнай часткі шляху нашага збаўлення. Гэта рэалістычная адмова ад чаканняў, што жыццё павінна быць заўсёды прыемным шпацырам.

Цяжкая сямейная сітуацыя, непаразуменне, насілле ці алкагалізм блізкіх, разбітыя сем’і, агрэсіўныя і несправядлівыя адносіны ў грамадстве, на месцы працы ці з суседзямі, цяжкае эканамічнае становішча – вось што можа быць нашым крыжам… Але таксама нашы ўласныя слабасці, заганы, ад якіх пакуль што не можам цалкам пазбавіцца, залежнасць, няўменне дараваць, прымірыцца і любіць па-сапраўднаму…

Мы пакліканыя не імкнуцца любым коштам пазбегнуць болю і цярпення, бо яны ёсць у кожным жыцці, але, падобна Езусу, успрымаць цярпенне як частку нашага шляху і вучыцца ад Пана той любові, якая пераўзыходзіць чалавечыя стандарты, бо сапраўды не шукае свайго. Гэта шлях Пасхі, шлях да зямлі абяцанай — да ўваскрасення разам з Езусам.

Калі сёння глядзім на Хрыста Укрыжаванага, нам варта памятаць, што так, як для Яго, наш крыж — не самамэта і не праклён, а наш спосаб быць падобнымі да Пана з вераю, што несучы свой крыж, мы ідзем за Ім, а не за ўласнымі вузкімі інтарэсамі.

Для Езуса крыжовы шлях стаў шляхам любові да канца – спосабам перамагчы зло і смерць. У гэтай перамозе – у перамозе ўваскрасення – мы ўдзельнічаем, калі ідзем за нашым Настаўнікам і Панам, беручы прыклад з Яго. Няхай жа Ён надзеліць нас сваёй ласкай, каб мы ўмелі браць свой крыж і несці яго з любоўю. Амэн.

Разважанне падрыхтаваў а. Віктар Жук SJ