- Каталіцкі Веснік - https://catholicnews.by -

Разважанне на свята Святой Сям’і. Год C

[1]Евангелле Лк 2, 41–52

Бaцькi Ягoныя хaдзiлі штогод у Ерузaлем нa свята Пaсхi. I кaлі Яму былo двaнaццaць гaдoў, яны прыйшлі пaвoдле звычaю ў Ерузaлем на святa. Калі пасля заканчэння дзён свята яны вярталіся, зaстaлoся Дзiця Езус у Ерузaлеме, i не заўважылі гэтага Ягoныя бaцькi. Думaючы, штo Ён ідзе з падарожнымі, прайшлі дзень дaрoгi і тады пачалі шукaць Ягo мiж свaякaмi i знaёмымi. Не знaйшoўшы, вярнуліся ў Ерузaлем, шукaючы Ягo.

I стaлaся, што пaсля трoх дзён знaйшлі Ягo ў святынi. Ён сядзеў сярoд настаўнікаў, слухaючы iх i пытaючыся ў iх. Усе ж, хто слухaў Ягo, дзівіліся рoзуму i aдкaзaм Ягoным. I, убaчыўшы гэта, здзiвiліся; i скaзaлa Яму Мaці Ягoнaя: Сыне, чаму Ты зрaбiў нaм гэтaк? Вoсь aйцец Твoй i я ў вялікім  смутку шукaлі Цябе. I скaзaў iм: Чaгo ж вы Мяне шукaлі? Цi вы не ведaлі, штo Мне трэбa быць у тым, што належыць Aйцу мaйму? A яны не зрaзумелі таго, што Ён скaзaў iм.

I пaйшoўшы з iмi, прыйшoў у Нaзaрэт i быў iм паслухмяны. A Мaці Ягo захавала ўсе гэтыя слoвы ў сэрцы свaiм. Езус жа ўзрастаў у мудрaсцi, у гaдах i  ў лaсцы ў Бoгa i ў людзей.  

Cвята Святой Сям’і — выдатная нагода для таго, каб, углядаючыся ў сям’ю з Назарэта, бачыць, да чаго варта імкнуцца нашым сем’ям. Прыгадаем словы Папы Францішка: «Цудоўна разважаць над тым фактам, што Божы Сын пажадаў мець патрэбу ў сямейным цяпле як і ўсе дзеці. Менавіта па гэтай прычыне сям’я з Назарэтa з’яўляецца сям’ёй-прыкладам, у якой усе сем’і свету могуць знайсці надзейны арыенцір і натхненне».

Напэўна, шмат у каго можа ўзнікнуць спакуса ўспрымаць прыклад Святой Сям’і як недасяжны ідэал, як штосьці занадта «чыстае» і далёкае ад нашай грэшнай і шэрай рэчаіснасці. Евангельскі ўрывак, прапанаваны нам у сённяшняй Літургіі слова, паказвае, што паміж Юзафам, Марыяй і Езусам узнікалі непаразуменні, што іх сямейны досвед не быў пазбаўлены балючых момантаў.

Не маючы, канечне, такога намеру, Езус-падлетак прычыніў боль сваім бацькам, бо не падумаў папярэдзіць пра сваё месцазнаходжанне і вымусіў іх з трывогай шукаць Яго. Напэўна, шмат каму з бацькоў знаёмая такая сітуацыя! Гэты эпізод сведчыць пра тое, што канфлікты і непаразуменні, хоць і раняць адносіны, пры адпаведным стаўленні бакоў могуць прывесці да больш глыбокай сувязі. «Пераадолены крызіс не вядзе да менш інтэнсіўных адносінаў, але ўдасканальвае іх», — піша Папа Францішак у адгартацыі Amoris Lætitia  (AL, 234). Нават Езус, Сын Найвышэйшага Бога, меў патрэбу ў тым, каб вучыцца на ўласным досведзе і «ўзрастаць у мудрасці, у гадах і ў ласцы ў Бога і людзей» (Лк 2, 52)!

Панна Марыя ў апісанай святым Лукой евангельскай падзеі з’яўляецца прыкладам таго, як важна ўмець канструктыўна выказваць свае пачуцці: без крыку і абвінавачванняў, а шчыра дзелячыся тым, што ў нас выклікаюць паводзіны другой асобы. Як жа важныя простыя жэсты ўзаемнай ветлівасці, чуласці і пяшчоты, уменне дараваць крыўду — асноватворныя рэчы для будавання адносінаў, пра якія, тым не менш, мы часта забываемся…

Евангеліст Лука раскрывае нам яшчэ адну здольнасць Найсвяцейшай Маці, да якой кожнаму варта імкнуцца: уменне «захоўваць усе гэтыя словы ў сэрцы сваім» (Лк 2, 51). Гэта шлях да таго, каб «адпускаць кантроль», нібыта мы ўсё ведаем найлепш, і адкрывацца мудрасці Духа Святога, якая непараўнальна больш каштоўная, чым неабходнасць даказаць сваю рацыю.

Няхай прыклад Святой Сям’і з Назарэта і святло Божага слова вучаць нас памятаць пра тое, што сапраўды галоўнае ў нашых адносінах з самымі блізкімі і ўцелаўляць любоў у канкрэтных жэстах ветлівасці, чуласці, цярплівасці і прабачэння.

Разважанне падрыхтаваў а. Віктар Жук SJ