“У той час:
Ян Хрысціцель прапаведаваў, кажучы: Ідзе за мною мацнейшы за мяне, якому я не варты, нахіліўшыся, развязаць раменьчык на ягоных сандалях. Я хрысціў вас вадою, а Ён будзе хрысціць вас Духам Святым.
І сталася ў тыя дні, прыйшоў Езус з Назарэту, што ў Галілеі, і быў ахрышчаны Янам у Ярдане. І адразу, калі выходзіў з вады, убачыў нябёсы раскрытыя, і Духа, як голуба, сыходзячага на Яго. І пачуўся голас з нябёсаў:
Ты Сын Мой умілаваны, Цябе ўпадабаў Я”.
Літургічны перыяд Божага Нараджэння завяршаецца святам Хросту Пана. Адзначаючы сёння гэты значны момант з жыцця Езуса, мы ў думках вяртаемся да моманту нашага хросту. Езус пажадаў прыняць хрост да якога заклікаў і які ўдзяляў Ян Хрысціцель.
Янаў хрост, быў хростам пакаяння, праз які людзі ачышчаліся ад грахоў. Езус не меў неабходнасці ў гэтым хросце. Аднак Ён разумеў, што для таго, каб выканаць сваю місію, яму неабходна быць ахрышчаным. Езус жадаў падысці бліжэй да грэшнікаў, у пэўным сэнсе з’яднацца з імі, паказаць, што для грэшнага чалавека не ўсё страчана, што заўсёды існуе магчымасць на пакаянне і атрыманне прабачэння.
І гэта паказвае нам сэнс місіі Езуса. Ён пажадаў не толькі быць разам з намі, каб нас суцяшаць сваёй прысутнасцю, але перад усім, быць разам з намі, грэшнікамі, каб раздзяліць наш лёс і пераўтварыць яго, дзякуючы прысутнасці Хрыста ў нашым жыцці, у шлях да збаўлення.
Ян Хрысціцель вельмі добра разумеў часовы і недасканалы аспект свайго хросту. І тым, хто прыходзіў да яго казаў: “Ідзе за мною мацнейшы за мяне… Я хрысціў вас вадою, а Ён будзе хрысціць вас Духам Святым”.
Езус перадае нам Духа Святога праз свой хрост. І таму, пасля таго як Ён быў ахрышчаны, з’яўляецца Дух Святы: “калі выходзіў з вады, убачыў нябёсы раскрытыя, і Духа, як голуба, сыходзячага на Яго”.
Хрост, які прыняў Езус, гэта прадвяшчанне таямніцы смерці і ўваскрашэння. У той час хрост выконваўся праз пагружэнне ў ваду і выхад з яе. Езус пагрузіўся ў ваду “мукі”, якая прыводзіла да смерці і выйшаў з яе. Дзякуючы гэтаму жэсту вялікай любові, хрост стаўся шляхам да збаўлення для ўсіх людзей.
Дзякуючы хросту, які мы атрымалі ў імя Найсвяцейшай Тройцы, і які паказвае нашую веру ў Езуса Хрыста, мы сталіся Божымі дзецьмі. У Евангельскім урыўку, над якім мы разважаем, Езус называецца ўмілаваным Сынам Божым: “Ты Сын Мой умілаваны, Цябе ўпадабаў Я”.
Праз хрост мы атрымліваем Божае ўсынаўленне. Наш хрост моцна звязаны з жыццём у Божай любові, якая перадаецца праз пагружэнне Езуса ў воды Ярдана – жэст вялікай любові, праз які Ён паказаў нам сваё жаданне ўратаваць усіх грэшнікаў.
Разважанне падрыхтаваў кс. Аляксей Ляшко