[1]Евангелле Лк 3, 15–16. 21–22
У той час:
Калі народ чакаў і калі ўсе разважалі ў сэрцах сваіх пра Яна, ці не Хрыстус ён, Ян адказаў усім: Я хрышчу вас вадою, але ідзе мацнейшы за мяне, якому я не варты развязаць раменьчык на сандалях Яго. Ён будзе хрысціць вас Духам Святым і агнём.
І сталася, калі хрысціўся ўвесь народ, і калі Езус, атрымаўшы хрост, маліўся, раскрылася неба, і Дух Святы ў цялесным выглядзе, як голуб, сышоў на Яго, і быў голас з неба, які прамовіў:
Ты Сын Мой умілаваны,
Цябе ўпадабаў Я.
У апошнія тыдні ў літургіі мы сузіраем, як Бог аб’явіў і няспынна аб’яўляе сябе людзям: праз нараджэнне ў чалавечай постаці Божага Сына; заклікаючы мудрацоў з Усходу — прадстаўнікоў язычніцкіх народаў — прыйсці і пакланіцца нованароджанаму Збаўцы ўсяго чалавецтва; і ў сённяшнім свяце — праз хрост Езуса, якім распачынаецца Яго публічная дзейнасць сярод народа Ізраэля.
Мы добра ведаем, што такое хрост, бо практыка, якую выкарыстоўваў Ян Хрысціцель, стала адным з сакрамантаў Касцёла. Хрост Яна быў знакам пакаяння за грахі і навяртання да Божых шляхоў, таму сённяшні евангельскі эпізод выклікае пытанне: чаму Езус захацеў хрысціцца, калі Ён не меў патрэбы ў пакаянні ці навяртанні? — Адказ на гэта пытанне заключаецца ў тым, што наш Збаўца пажадаў быць салідарным з усімі тымі людзьмі, якія стаялі ў чарзе да Яна; Ён не шукаў прывілеі і не адгароджваўся ад грэшнікаў, спасылаючыся на сваю бязгрэшнасць.
Падчас хросту Езуса на Яго сыходзіць Святы Дух і гучыць голас Бога Айца: «Ты Сын Мой умілаваны, Цябе ўпадабаў Я». У хросце Езус атрымлівае намашчэнне Духа, моц якога будзе суправаджаць Яго на працягу ўсёй Ягонай публічнай дзейнасці. Дзеянне Божага Сына неадлучнае ад дзеяння Духа Святога. «Ты Сын Мой умілаваны»: гэтыя словы — падсумаванне ўсёй «праграмы» Езуса, з якой Ён выходзіць да людзей. Тая праўда, якую Ён ужо ведае ў сваім сэрцы, цяпер становіцца Яго сведчаннем усім людзям: Сын Божы, умілаваны Айцом, пасланы адкрыць кожнаму чалавеку, што ўсе мы — умілаваныя дзеці Айца.
Каб словы, якія гучаць з адкрытых нябёсаў для Езуса і для нас, не заставаліся чымсьці далёкім, мы жадаем адчуць і прыняць іх глыбока ў сваім сэрцы: у іх заключана намашчэнне, якое і мы атрымалі ў сакрамэнце хросту і якое нагадвае нам няспынна, што Бог любіць кожнага з нас унікальным чынам.
З другога боку, мы па-сапраўднаму спазнаем «смак» Божай любові, калі самі адважымся стаць яе ўцелаўленнем для іншых. Менавіта таму ў сваіх пісаннях святы Ян апостал няспынна падкрэслівае сувязь Божай любові да нас, нашай любові да Бога ў адказ і любові да бліжніх — Божых дзяцей і нашых братоў і сясцёр. Такім чынам, як піша апостал, мы выконваем Божыя запаведзі — не як наказы, а як запрашэнне ў гэтым свеце быць актыўнымі Яго супрацоўнікамі.
Езус сёння атрымлівае намашчэнне, каб распачаць сваю збаўчую місію — і ў гэтым Ён узор для ўсіх сваіх братоў і сясцёр, бо кожны з нас пасланы ў гэты свет, каб здзейсніць справу, якая даручана кожнаму асабіста. Няхай Дух Святы адновіць сёння ў нас жаданне выконваць нашую жыццёвую місію на ўзор Езуса, нашага Збаўцы, Брата і Сябра. Амэн.
Разважанне падрыхтаваў а. Віктар Жук SJ