- Каталіцкі Веснік - https://catholicnews.by -

Разважанне на Свята Хросту Пана. Год С. 9 студзеня

[1]Евангелле Лк 3, 15-16. 21-22

Калі народ чакаў і калі ўсе разважалі ў сэрцах сваіх пра Яна, ці не Хрыстус ён, Ян адказаў усім: Я хрышчу вас вадою, але ідзе мацнейшы за мяне, якому я не варты развязаць раменьчык на сандалях Яго. Ён будзе хрысціць вас Духам Святым і агнём. І сталася, калі хрысціўся ўвесь народ, і калі Езус, атрымаўшы хрост, маліўся, раскрылася неба, і Дух Святы ў цялесным выглядзе, як голуб, сышоў на Яго, і быў голас з неба, які прамовіў: Ты Сын Мой умілаваны, Цябе ўпадабаў Я.

Абрад святога Хросту ў Каталіцкім Касцёле выглядае надзвычай прыгожа і ўрачыста. Гучаць прыгожыя і глыбокія біблійныя тэксты. Прысутнічае парафіяльная супольнасць (Хрост зазвычай удзяляецца падчас св. Імшы ў нядзелю). Само хрышчэнне вельмі глыбока ўвайшло ў народную культуру і традыцыю, што нават ашалелы ваяўнічы атэізм у савецкія часы не змог перамагчы яго. Што ж дае нам гэты сакрамант? Ён з’яўляецца для нас пропускам у Нябеснае Валадарства. Сакрамант Хросту змывае ўсе грахі і дае магчымасць называцца дзіцем Бога. Праз гэты сакрамант мы таксама прыналежым да Каталіцкага Касцёла.

У Евангеллі мы чытаем пра дзейнасць Яна Хрысціцеля, які заклікаў людзей да навяртання і пакаяння. Ян Хрысціцель не разлічваў на ніякую людскую славу, хоць да яго і прыходзілі шматлікія натоўпы. Прарок выразна ўказвае на Таго, хто мае прыйсці – на Езуса. Прыняўшы аднойчы Хрост, мы таксама павінны перш за ўсё ўглядацца ў прыход Месіі. Як хрысціяне, мы павінны задаць сабе пытанне: ці маё жыццё з’яўляецца падрыхтоўкай дарогі Пану? Мы так шмат атрымалі ў сакраманце Хросту, але гэты дар нам дадзены таксама, каб і мы прынеслі нейкі духоўны плён. Няхай Дух Святы дапаможа нам быць вернымі сваёй веры і традыцыі. Памолімся за тых святароў, якія нам калісьці ўдзялілі сакрамант Хросту.

Разважанне падрыхтаваў кс. канонік Віктар Місевіч