У той час:
Езус расказаў такую прыпавесць некаторым упэўненым у сваёй праведнасці, якія пагарджалі іншымі: Два чалавекі зайшлі ў святыню памаліцца; адзін фарысей, а другі мытнік. Фарысей, стаўшы, маліўся сам сабе так: Божа, дзякую Табе, што я не такі, як іншыя людзі, рабаўнікі, несправядлівыя, распуснікі або як гэты мытнік. Пашчуся два разы на тыдзень, даю дзесяціну з усяго, што набываю.
А мытнік, стоячы воддаль, не адважваўся нават падняць вачэй да неба, але, б’ючы сябе ў грудзі, казаў: Божа, будзь міласцівы да мяне, грэшніка.
Кажу вам, што менавіта гэты пайшоў у дом свой апраўданы, а не той, бо кожны, хто ўзвышае самога сябе, прыніжаны будзе, а хто прыніжае сябе, узвысіцца.
У сённяшнім Евангеллі мы чуем прыпавесць, якую Езус расказаў некаторым упэўненым у сваёй праведнасці, якія пагарджалі іншымі. Два чалавекі зайшлі ў святыню памаліцца. Адзін з іх быў фарысей, а другі — мытнік. Фарысей маліўся, дзякуючы Богу за тое, што ён не такі, як іншыя людзі, і пералічваючы свае дасягненні ў выкананні закону. Мытнік жа стаяў воддаль, не адважваўся падняць вачэй да неба і прасіў Бога быць міласцівы да яго, грэшніка. Езус кажа нам, што менавіта гэты мытнік пайшоў дадому апраўданы, а не фарысей, бо «кожны, хто ўзвышае сябе, будзе прыніжаны, а хто прыніжае сябе, узвысіцца» (Лк 18, 9–14). Гэтая прыпавесць — гэта не толькі гісторыя пра двух людзей, але і “люстра”, у якім мы можам убачыць сябе. Яна заклікае нас задумацца над тым, як мы молімся і як мы ставімся да іншых.
Уваход у святыню гэтых двух людзей быў цалкам аднолькавы, з адною мэтаю, што яшчэ раз пацвярджае: перад Богам усе людзі роўныя. Тым не менш, выхад гэтых людзей са святыні меў зусім супрацьлеглыя рысы. Фарысей лічыў сябе праведным, але яго малітва была дэманстрацыяй яго ўяўнай перавагі над іншымі. Ён не бачыў патрэбы ў пакаянні, бо лічыў сябе бездакорным. У гэтым была яго памылка і трагедыя. Яго малітва была поўная самаўсхвалення і ганарлівасці: «Божа, дзякую Табе, што я не такі, як іншыя людзі, рабаўнікі, несправядлівыя, распуснікі або як гэты мытнік. Пашчуся два разы на тыдзень, даю дзесяціну з усяго, што набываю» (Лк 18, 11–12). Фарысей не прасіў нічога ў Бога, бо лічыў, што яму нічога не трэба. Ён быў упэўнены, што яго ўласныя заслугі дастатковыя для збаўлення.
З іншага боку, мытнік прызнаваў свой грэх і неабходнасць Божай міласэрнасці. Яго малітва была поўная пакорлівасці і ўсведамлення ўласнай нязначнасці. Ён прасіў Бога быць міласцівым да яго, грэшніка, і гэтая просьба была пачутая. Мытнік пайшоў дадому апраўданы, бо яго малітва была шчырай і пакорлівай. Яго словы: «Божа, будзь міласцівы да мяне, грэшніка» (Лк 18, 13) — гэта прыклад сапраўднай малітвы, якая выходзіць з глыбіні сэрца. Мытнік разумеў, што без Божай міласэрнасці ён не можа быць выратаваны.
Ганарлівы чалавек не здольны маліцца. Брамы нябесныя такія нізкія, што ўвайсці ў іх можна толькі на каленях. Таму ён павінен маліць Пана: «Укажы мне Твой шлях і настаў мяне, на сцежку, што прыводзіць да еднасці з Табою; вярні ў маё сэрца супакой і Тваю радасць, дай ісці мне прамой дарогай.» Чалавек, які пагарджае сваім бліжнім, не можа маліцца, бо ў малітве мы не паднімаемся вышэй за сваіх братоў. Мы ўсведамляем, што мы грэшныя людзі, і што ўсе мы пакланяемся перад тронам міласцівага Бога.
Без усялякага сумнення, фарысей казаў праўду. Ён сапраўды пасціўся, старанна плаціў дзесяціну, не быў падобны да іншых людзей, яшчэ менш быў падобны да мытніка. Але важна тут: «Ці магчыма параўнаць мае заслугі з Божымі дарамі?», а не «Ці я больш годны і лепшы за сваіх братоў?» Фарысей параўноўваў сябе з іншымі людзьмі, забываючыся на тое, што перад Богам усе мы грэшнікі і патрэбуем Яго ласкавасці і міласэрнасці.
Штораз уваходзячы ў святыню, мы спадзяваемся атрымаць патрэбную нам для збаўлення дапамогу ў выглядзе сакрамэнтальнай ласкі. Гэтая патрэба ўзнікае заўсёды, калі мы праўдзівыя перад самымі сабой. Усведамленне сваёй слабасці, неабходнасці Божай дапамогі і прабачэння расчыняюць у нас дзверы для дзеяння асвячаючай ласкі. Пакорлівасць і праўда пра сябе — адзін з ключоў пазнання Божай любові і міласэрнасці. «Кожны, хто ўзвышае самога сябе, прыніжаны будзе, а хто прыніжае сябе, узвысіцца» (Лк 18, 14).
Сённяшняе Евангелле праз прыклад фарысея і мытніка паказвае нам таксама два спосабы малітвы. У малітве фарысея адсутнічае просьба, як і ўсведамленне ўласнай слабасці і патрэбы ў Богу. Непахісная ўсвядомленасць праведнасці, упэўненасць і ганарлівасць сваім бездакорным жыццём прадстаўлены, нібы «пакорлівая пыха», у адной кароткай фразе: «Божа, дзякую Табе, што я не такі, як іншыя людзі» (Лк 18, 11). Такая малітва не можа сягнуць Божага спачування. Яна не з’яўляецца ні малітвай праслаўлення, ні шчырай просьбай. Гэта, хутчэй, абраза Бога.
Малітва мытніка перапоўнена ўсведамленнем недасканаласці і грэшнасці. Ён ведае, што без дапамогі Бога, без Яго міласэрнасці, не зможа выправіць і змяніць свайго жыцця. Яго малітва стае малітваю пакорлівасці з надзеяй і верай на Божую любоў. Яму не застаецца нічога іншага, як толькі скарыўшыся, не адважваючыся нават падняць вачэй да неба, але, б’ючы сябе ў грудзі, прасіць: «Божа, будзь міласцівы да мяне, грэшніка» (Лк 18, 13).
Сённяшняе Евангелля вучыць нас, што шчырая і пакорлівая малітва, якая паходзіць з нашых сэрцаў, важнейшая за фармальную і знешнюю праведнасць. Езус паказвае нам, што пакорлівасць і ўсведамленне ўласнай грэшнасці адкрываюць дзверы да Божай ласкі і міласэрнасці. Мы павінны імкнуцца быць шчырымі перад Богам, праўдзіва прызнаваць свае грахі і слабасці, і прасіць Яго аб дапамозе і прабачэнні. Няхай гэтая навука стане натхненнем для нас усіх, каб мы вучыліся быць пакорлівымі, праўдзівымі і шчырымі ў сваёй малітве і жыцці.
Разважанне падрыхтаваў кс. кан. д–р Сяргей Сурыновіч