- Каталіцкі Веснік - https://catholicnews.by -

Разважанне на ўрачыстасць Езуса Хрыста, Валадара Сусвету. Год В. 21 лістапада

[1]Евангелле Ян 18, 33b-37

Пілат спытаўся ў Езуса: Ты Кароль юдэйскі? Езус адказаў яму: Ці ад сябе ты кажаш гэта, ці іншыя сказалі табе пра Мяне? Пілат адказваў: Ці ж я юдэй? Твой народ і першасвятары выдалі Цябе мне. Што Ты зрабіў? Езус адказаў: Валадарства Маё не з гэтага свету. Калі б з гэтага свету было Маё Валадарства, то слугі Мае заступіліся б за Мяне, каб Я не быў выдадзены юдэям. Але цяпер Маё Валадарства не адгэтуль. Пілат сказаў Яму: Значыць, Ты Кароль? Езус адказаў: Ты кажаш, што Я Кароль. Я для таго нарадзіўся і для таго прыйшоў на свет, каб засведчыць аб праўдзе. Кожны, хто ад праўды, слухае голас Мой.

У гэтым урыўку мы запрошаны разважаць над істотай Божага Валадарства. Езус стаіць на судзе перад Пілатам. Пілат – прадстаўнік зямной улады. Ён разважае ў катэгорыях паняццяў рымскай імперыі, у катэгорыях зямной, часовай улады. Адно з абвінавачванняў у бок Езуса было, што Ён нібыта прэтэндуе на ўладу цэзара. Нідзе ў Евангеллі нічога такога Езус не кажа. Гэтае абвінавачванне было цалкам сфабрыкаваным. Езус адказвае, што Яго Валадарства паходзіць не з гэтага свету. Так, яно ёсць у гэтым свеце, але свае вытокі мае ў Богу. Езус вядзе дыялог з Пілатам, каб засведчыць сваю невінаватасць. Ён распавядае пра сваю місію: Я для таго нарадзіўся і для таго прыйшоў на свет, каб засведчыць аб праўдзе.

Божае Валадарства мае дзве асноўныя прыкметы: гэта любоў і праўда. У Божым Валадарстве няма нянавісці і няма хлусні. Гэта добры крытэрый, каб праверыць самога сябе, ці варты я Божага Валадарства? Ужо тут, падчас зямнога жыцця нам варта асцерагацца і пазбаўляцца любога намёка на нянавісць і прагу помсты. Гэта істотна і вельмі важна, таму што ў небе пануе толькі любоў. Таксама трэба нам пазбыцца любой хлусні і падману. Дапамагае нам у гэтым сакрамант споведзі. Гэты сакрамант не проста вызваляе нас ад уплыву і наступстваў граху, але і дапамагае прабываць у святле праўды, якой бы яна не была. Няхай Езус, які сам ёсць Любоўю і Праўдай, дапамагае нам станавіцца вартымі Ягонага Валадарства. Памятайма, што нашая Радзіма ў небе.

Разважанне падрыхтаваў кс. канонік Віктар Місевіч