[1]Евангелле Лк 19, 28–40; Лк 22, 14–23,56
І было каля шостай гадзіны, і цемра ахінула ўсю зямлю аж да дзевятай гадзіны. Сонца зацьмілася, і заслона ў святыні разарвалася пасярэдзіне. І Езус закрычаў моцным голасам: Ойча, у рукі Твае аддаю дух Мой. І, сказаўшы гэта, сканаў.
Сотнік убачыў, што сталася, і ўславіў Бога, кажучы: Сапраўды, Чалавек гэты быў справядлівы. І ўсе людзі, што сабраліся на гэтае відовішча, калі ўбачылі, што сталася, вярталіся, б’ючы сябе ў грудзі. А здалёк стаялі ўсе, хто ведаў Яго, і жанчыны, якія прыйшлі з Ім з Галілеі, і глядзелі на гэта.
Евангелле паказвае самыя розныя людскія рэакцыі на цярпенне Езуса. Пётр храбрыцца, абяцаючы вернасць да смерці – а потым тройчы адракаецца ад свайго Настаўніка. Вучні засынаюць у Аліўным садзе ў той час, як Збаўца моліцца, абліваючыся крывавым потам. Стражнікі насміхаюцца і кпяць з таго, каго лічаць блюзнерам. Пілат маладушнічае, шукаючы кампрамісу з натоўпам. Ірад спачатку цешыцца, што можа ўбачыць знакамітага цудатворцу, а потым зневажае Яго.
Адзін са злачынцаў, укрыжаваных з Езусам, кпіць з Яго разам з іншымі. Другі – просіць аб раі, і атрымлівае Яго. Сотнік услаўляе Бога, прызнаючы праведнасць несправядліва замучанага Караля Юдэйскага… Гэты спіс можна было б працягнуць: кожны з евангелістаў раскрывае шмат дэталяў пра апошнія гадзіны зямнога жыцця Езуса.
Якая рэакцыя нараджаецца ў табе, калі чуеш пра гэту жудасную несправядліваць і нічым не апраўданае насілле? Ці адчуваеш замяшанне, разгубленасць – і дыскамфорт, які іх суправаджаюць? Ці дазволіш, каб на тваіх вачах наварочваліся слёзы, уяўляючы боль нявіннага Хрыста і нечалавечую жорсткасць катаў – так як робяць ерузалемскія жанчыны? Ці адчуваеш пабуджэнне біць сябе ў грудзі разам з тымі, хто вяртаўся пасля акрутнага відовішча?
Папа Францішак так апісвае паставу сэрца хрысціяніна перад абліччам цярпення Езуса: “Нястрымнае жаданне суцешыць Хрыста, якое нараджаецца падчас балеснага сузірання таго, што Ён выцерпеў за нас, узрастае па меры шчырага прызнання сваіх дрэнных звычак, прывязанасцяў, адсутнасці радасці ў веры, марных памкненняў і, акрамя канкрэтных грахоў, неадпаведнасці нашага сэрца Яго любові і задуме. Усведамленне гэтага ачышчае нас, бо любоў патрабуе ачышчэння праз слёзы, пасля якіх мы больш прагнем Бога і менш апантаныя самім сабой.” (Dilexit nos, 158)
Гаворка не пра тое, каб узбуджаць у сабе хворае пачуццё віны або паддавацца “скрупулёзнасці, якая паралізуе” (DN, 159): “скруха не робіць балюча, а вызваляе душу ад цяжару, бо ўздзейнічае на рану граху, рыхтуючы нас прыняць ласку Пана” (DN, 161). “Сэрца, калі бачыць сваё зло і прызнае сябе грэшнікам, раскрываецца і прымае дзеянне Духа Святога, жывой вады, якая ўзрушвае і выклікае слёзы на вачах” (DN, 160).
Мы не можам забывацца пра тое, што і асабісты грэх кожнага з нас становіцца прычынай цярпення Збаўцы: помніць не дзеля таго, каб пагрузіцца ў страх ці роспач, а каб прыняць тую любоў, якая не спыняецца перад ніякім болем і ідзе да канца ў сваёй гатоўнасці ахвяраваць сябе за ўмілаваных, якія “не ведаюць, што робяць”.
Няхай сёння і на працягу Вялікага Тыдня скруха растопіць нашыя сэрцы і распаліць іх, каб мы жадалі суцешыць Езуса, які так прагне нашай любові.
Разважанне падрыхтаваў а. Віктар Жук SJ