- Каталіцкі Веснік - https://catholicnews.by -

Разважанне на IV Звычайную Нядзелю. Год С. 30 студзеня

[1]Евангелле Лк 4, 21-30

Езус пачаў гаварыць у сінагозе: Сёння споўніліся гэтыя словы Пісання, якія вы чулі. І ўсе сведчылі Яму і здзіўляліся словам ласкі, якія выходзілі з вуснаў Ягоных, і казалі: Ці не сын Юзафа гэта?

І Ён сказаў ім: Напэўна, скажаце мне такую прыказку: Лекар, вылечы самога сябе; зрабі і тут, у тваёй бацькаўшчыне тое, што, як мы чулі, сталася ў Кафарнауме. І сказаў: Сапраўды кажу вам: ніводзін прарок не з’яўляецца пажаданым на сваёй бацькаўшчыне. Па праўдзе кажу вам: шмат ўдоваў было ў Ізраэлі ў дні Іллі, калі зачыненым было неба тры гады і шэсць месяцаў, так што быў вялікі голад па ўсёй зямлі. І да ніводнай з іх не быў пасланы Ілля, а толькі да жанчыны, удавы, у Сарэпту Сідонскую. Шмат таксама было пракажоных у Ізраэлі ў часы прарока Елісея, і ніводзін з іх не быў ачышчаны, апрача Наамана Сірыйца.

Пачуўшы гэта, усе ў сінагозе напоўніліся гневам і, устаўшы, выгналі Яго прэч з горада, і павялі на вяршыню гары, на якой быў пабудаваны іх горад, каб скінуць Яго.

Але Ён, прайшоўшы паміж іх, адышоў.

У родным горадзе Назарэце Езуса не захацелі слухаць. Больш таго, евангеліст нам сведчыць, што Езуса за прамоўленае слова хацелі забіць.  Павялі на вяршыню гары, на якой быў пабудаваны іх горад, каб скінуць Яго. Чаму чалавек, бывае, прагне расправіцца з Богам? Таму што не любіць праўды пра самога сябе. А Бог – гэта Праўда. У Яго святле ўсё становіцца бачным. Праўда пра самога сябе бывае балючай. Але гэты боль лячэбны, калі прымаем яго з пакорай. Калі ж дапускаем у сваё сэрца гардыню, то такая сітуацыя вядзе да трагедыі. Бо непрыняцце Божай Праўды азначае пераход у валадарства цемры і хлусні.

Сучаснікі Езуса з Назарэту жылі сваімі планамі і марамі. Ім напэўна хацелася палітычнай свабоды, скінуць рымскае ярмо і адбудаваць незалежнасць Ізраэля. Яны адчувалі сябе выключнымі людзьмі, Божым народам. На жаль, будучы блізкімі да Езуса па крыві, гэтыя людзі сталі з Ім далёкія па духу.

Божы Сын не прыйшоў патакаць нашым людскім “хацелкам”, бо Ён хоча аднаго толькі: нашага вечнага шчасця і збаўлення. Важна, каб мы хацелі пачуць Яго слова і прыняць яго да свайго сэрца. Нам неабходна Езуса паставіць вышэй за свае ўласныя амбіцыі, планы і мары. Калі сябруем з Езусам і лічымся з Яго словам, то нашае жыццё таксама будзе ахінутае Божым бласлаўленнем. А гэты і ёсць сапраўдны поспех.

Разважанне падрыхтаваў кс. канонік Віктар Місевіч