- Каталіцкі Веснік - https://catholicnews.by -

Разважанне на ІV Велікодную нядзелю. Год А. 30 красавіка

[1]Евангелле Ян 10, 1–10

У той час:

Езус сказаў: Сапраўды, сапраўды кажу вам: хто ўваходзіць не праз браму на авечы двор, але залазіць інакш, той злодзей і злачынец. А хто ўваходзіць праз браму, той пастыр авечак. Брамнік яму адчыняе, і авечкі слухаюцца голасу ягонага; кліча сваіх авечак па імені і выводзіць іх. А калі ўсіх выведзе, ідзе перад імі, і авечкі ідуць за ім, бо ведаюць ягоны голас. За чужым не ідуць, але ўцякаюць ад яго, бо не ведаюць голасу чужых.

Такую прыпавесць сказаў ім Езус, але яны не зразумелі, што Ён казаў ім.

Езус зноў сказаў: Сапраўды, сапраўды кажу вам: Я — брама для авечак. Усе, колькі іх прыходзіла перада Мною, гэта злодзеі і злачынцы, і авечкі не паслухалі іх. Я — брама. Калі хто ўвойдзе праз Мяне, будзе збаўлены, і ўвойдзе, і выйдзе, і знойдзе пашу. Злодзей прыходзіць дзеля таго, каб красці, забіваць і нішчыць. Я прыйшоў, каб вы мелі жыццё і мелі ў дастатку.

Святы Аўгустын, біскуп Гіпона і доктар Касцёла, выказваючы ў сваёй працы пад назвай “Споведзь” сваё імкненне да неба, якое называе “жытлом хвалы Пана”, піша: “Я загубіўся, як заблукалая авечка, але веру, — мой Пастыр, што збудаваў мяне, на сваіх плячах прынясе мяне прад Твае парогі” (XII, 15). Такім чынам святы ўказвае на Езуса, якога сённяшняе Евангелле прадстаўляе як “браму авечак”. Авечкі, якія ўваходзяць у аўчарню праз гэтую браму, знойдуць пашу, гэта значыць будуць збаўлены: “Я прыйшоў, каб вы мелі жыццё і мелі ў дастатку” (Ян 10, 10).

Дзверы і брамы не толькі дазваляюць пранікнуць унутр, але і абараняюць ад няпрошаных гасцей і зладзеяў. Таму ўваходныя дзверы або вонкавая брама вырабляюцца належным чынам з адпаведнага матэрыялу для забеспячэння бяспекі. Калі мы падыходзім да дзвярэй ці брамы, то звычайна націскаем кнопку званка або стукаем, каб іх адчынілі. Калі хтосьці спрабуе ўвайсці не праз дзверы або браму, то звычайна робіць гэта з дрэннымі намерамі.

Езус называе сябе “брамай для авечак”. Гэтая брама вядзе ў Касцёл, праз таямніцу сакрамэнту хросту, а потым, праз таямніцу перамогі Хрыста над смерцю, у вечнасць. Дзякуючы добраму Пастыру мы можам радавацца жыццю і адчуваць яго ў поўнай меры. Ён дае авечкам сапраўднае пачуццё бяспекі. Больш за тое, дзеля іх абароны ён гатовы ахвяраваць сваё жыццё. Ён таксама будуе незвычайныя адносіны, заснаваныя на ўзаемных ведах: я ведаю сваіх авечак, а мае ведаюць мяне. З гэтага знаёмства вынікае іх бязмежны давер. Ведаюць Яго імя ды ідуць за Ім, бо ведаюць яго голас. Такім чынам, Езус кажа не пра тое, каб слухаць е толькі словы Пастыра, але яго голас. “Слухаць голас”, такім чынам, прабыванне ў асаблівым спосабе зносін, які дае незвычайнае адчуванне блізкасці і бяспекі, асабістага і глыбіннага пазнання адзін аднаго.

Разважанне падрыхтаваў кс. д-р Сяргей Сурыновіч