- Каталіцкі Веснік - https://catholicnews.by -

Разважанне на ІV нядзелю Вялікага посту. Год А

[1]Евангелле Ян 9, 1. 6–9. 13–17. 34–38

У той час: Праходзячы, Езус убачыў чалавека, сляпога ад нараджэння. Ён плюнуў на зямлю, зрабіў са сліны гразь і памазаў граззю вочы сляпому, і сказаў яму: Ідзі, абмыйся ў купальні Сілаам (што перакладаецца «пасланы»). Той пайшоў, абмыўся і прыйшоў відушчы.

А суседзі і тыя, хто бачыў яго раней жабраком, казалі: Ці не той гэта, які сядзеў і жабраваў? Адны казалі: Гэта ён, — а іншыя: Падобны да яго. А ён сам казаў: Гэта я.

І павялі яго, таго, што нядаўна быў сляпы, да фарысеяў. А ў той дзень, калі Езус зрабіў гразь і адкрыў яму вочы, быў шабат. І фарысеі зноў пыталіся ў яго, як ён стаў бачыць. Ён жа сказаў ім: Гразь паклаў мне на вочы, я абмыўся — і бачу.

Тады некаторыя з фарысеяў казалі: Не ад Бога гэты чалавек, бо не захоўвае шабату. Іншыя казалі: Як можа грэшны чалавек чыніць такія цуды? І падзяліліся яны. Зноў жа кажуць сляпому: А ты што скажаш пра Яго, бо Ён адкрыў табе вочы? Той адказаў: Гэта прарок.

Сказалі яму ў адказ: У грахах ты ўвесь нарадзіўся, і ты яшчэ нас вучыш? І выгналі яго прэч.

Езус пачуў, што выгналі яго прэч, знайшоў яго і сказаў: Ці верыш ты ў Сына Чалавечага? Той адказаў: А хто Ён, Пане, каб я паверыў у Яго? Езус сказаў Яму: Ты ўжо бачыў Яго, гэта той, хто гаворыць з табою. Ён жа сказаў: Веру, Пане, — і пакланіўся Яму.

Ад самага пачатку чалавечай гісторыі святло і цемра былі не толькі фізічнымі, але і духоўнымі рэаліямі. Святло заўсёды сімвалізавала Божую прысутнасць, праўду, адкрытасць і жыццё, а цемра — грэх, страх, непаразуменне і аддаленасць ад Стварыцеля. Пасля грэхападзення чалавек здольны бачыць свет, але не заўсёды распазнае ў ім Бога. Мы можам аналізаваць рэчаіснасць, але не заўсёды пранікаем у яе сэнс і яе радовішча. Таму Пан сам выходзіць насустрач чалавеку, каб адкрыць вочы яго сэрца і вярнуць здольнасць бачыць глыбей, чым дазваляе натуральны зрок.

Вялікі Пост асабліва моцна нагадвае нам пра гэтую Божую ініцыятыву. Бог не толькі кліча да навяртання, але і дае святло, неабходнае для таго, каб убачыць глыбінную праўду пра сябе і гэты свет. Ён дзейнічае як добры Лекар: далікатна дакранаецца да нашых ранаў, адкрывае тое, што мы хаваем нават ад саміх сябе, і асвятляе цемру нашых заганаў святлом сваёй міласэрнасці. У Яго прысутнасці страх ператвараецца ў надзею, а слепата — у яснасць духу. Ён прыходзіць не каб асудзіць, а каб адкрыць шлях; не каб прымусіць, а каб запрасіць; не каб асляпіць, а каб прасвятліць. У Яго святле нават цемра становіцца прасторай сустрэчы, дзе чалавек можа адчуць сябе не асуджаным і ізаляваным, а знойдзеным і ўзнесеным.

Сённяшняе Евангелле пра сляпога ад нараджэння (Ян 9, 1. 6–9. 13–17. 34–38) адкрывае перад намі таямніцу Божага дзеяння, які ўваходзіць у чалавечую слабасць. У гэтым аповедзе кожны можа пазнаць сябе, бо кожны мае сваю цемру, сваю слепату, свае пытанні і сумневы. Хрыстус — «Святло свету» (грэц. φῶς τοῦ κόσμου), якое прыходзіць, каб вярнуць чалавеку здольнасць бачыць (пар. Ян 9, 5). Цуд, які здзяйсняе Езус сёння, паказвае, як Бог дзейнічае праз простае і зямное. Ён робіць гразь са сліны і зямлі, памазвае вочы сляпому і пасылае яго ў купальню Сілаам (Ян 9, 6–7). Паслухмянасць гэтага чалавека і давер слову Езуса адкрывае шлях да аздараўлення: ён ідзе, абмываецца — і вяртаецца відушчым. Бог выкарыстоўвае матэрыю, каб перадаць ласку; будзённае — каб адкрыць вечнае; слабое — каб паказаць сваю моц. У гэтым жэсце — уся логіка Божага ўцелаўлення: Бог прымае матэрыю, каб праз яе перадаць тое, што перавышае чалавечыя магчымасці.

Жэст Езуса ў сённяшнім Евангеллі адсылае прама да стварэння чалавека: «І стварыў Пан Бог чалавека з пылу зямлі» (Быц 2, 7). Дакранаючыся да вачэй сляпога граззю, Езус нібыта паўтарае гэты акт, паказваючы, што Ён — Той самы Бог, які ўдыхнуў жыццё ў чалавека. Гэта новае тварэнне, дзе зямля і сліна становяцца прыладай Божай моцы. Гразь нагадвае пра нашую нікчэмнасць, якая ў Божых руках ператвараецца ў інструмент узвышэння чалавечай годнасці. Бог не грэбуе зямлёй, з якой стварыў чалавека, і не грэбуе нашым духоўным калецтвам, праз што хоча напоўніць нас сваёй ласкай.

Гразь у руцэ Пана — гэта сімвал нашай недасканаласці і грахоўнасці, якая праз Яго дотык ператвараецца не ў знак сораму, а ў прыладу аздараўлення і ўзвышэння чалавека. У нашых руках гразь — толькі пыл і слабасць, але ў Божых руках яна становіцца матэрыялам новага стварэння. Бог не адварочваецца ад таго, што ў нас зямное, няўдалае, параненае; Ён не грэбуе нашымі расколінамі і глыбокімі ранамі, нашымі няўдачамі і падзеннямі, нашай безвыходнасцю і згубленасцю. Ён бярэ тое, што мы самі хацелі б схаваць, чаго саромеемся, і ператварае гэта ў кропку сустрэчы, у месца перамянення, у браму выхаду да новага жыцця. Ён уваходзіць у наш бруд, каб ператварыць яго ў лек, каб узняць нас да неба, і ў нашай слабасці адкрывае сваю моц.

Словы Хрыста «Ідзі, абмыйся» (Ян 9, 7) — гэта не толькі практычная інструкцыя, але і духоўны заклік: ідзі да Хрыста, каб атрымаць святло, якое не згасае. Чалавек, які быў жабраком, становіцца прыкладам паслухмянасці веры: ён не спрачаецца, не сумняваецца, не патрабуе тлумачэнняў — проста ідзе. Яго шлях — шлях кожнага верніка, які прымае Божае слова, нават калі яно не да канца зразумелае. Вера азначае поўнае падпарадкаванне розуму і волі Богу, які аб’яўляе сябе. Вера — гэта рух, а не статыка; гэта крок у невядомае, але з даверам да Таго, хто ўказвае дарогу. І хоць шлях да Сілаама быў кароткі, ён здаля нагадвае нам і шлях Абрагама, які выйшаў з Урa, не ведаючы, куды ідзе; і шлях Майсея, які ступіў у пустыню, давяраючы абяцанню; і шлях Пятра, які выйшаў з лодкі на хвалі, гледзячы толькі на Хрыста. Кожны з іх зрабіў крок, які не тлумачыўся логікай, але стаўся актам веры. Так і сляпы: яго дарога да купальні — гэта маленькая пілігрымка, у якой адлюстроўваецца вялікая гісторыя збаўлення. Ён ідзе, бо чуў голас; ідзе, бо адчувае, што Бог вядзе да жыцця; ідзе, бо ўнутры ўжо пачынае прабівацца святло, якое яшчэ не бачна вачыма, але ўжо бачна сэрцам. У гэтым руху — уся сутнасць веры. Бог кажа: «Ідзі», і чалавек ідзе. Бог кажа: «Абмыйся», і чалавек абмываецца. Бог кажа: «Даверся», і чалавек давярае. І менавіта ў гэтай паслухмянасці адбываецца цуд: гразь ператвараецца ў святло, вада — у ласку, шлях — у сустрэчу, а слепы і абяздолены чалавек з перыферыі жыцця — у сведку. Так вера становіцца не абстракцыяй, а канкрэтным крокам, які адкрывае дзверы да Божай прысутнасці.

Назва «Сілаам» (гбр. שִׁילֹחַ — šîlōaḥ, літ. пасланы) указвае на самога Хрыста, пасланага Айцом. Але гэтае слова мае яшчэ глыбейшы пласт, калі ўлічыць, дзе знаходзілася купальня. У часы Езуса Сілаам быў у ніжнім, бедным квартале Ерузалема, у раёне Акрэ — не ў багатых кварталах, не каля храмавай эліты, а сярод простых людзей, рамеснікаў, жабракоў, тых, каго часта не заўважалі. Езус пасылае сляпога менавіта туды. Ён не вядзе яго да святароў, не пасылае ў палацы, не шукае для яго «годнага» месца. Ён пасылае яго ў прастору беднасці, у прастору штодзённасці, у прастору, дзе жыве абяздолены народ. Гэта вельмі адпавядае Божаму стылю: Бог прыходзіць у беднасць, каб абагаціць чалавека; прыходзіць у нізіну, каб узняць да святла; прыходзіць у тое, што свет лічыць нязначным, каб адкрыць сваю моц і веліч.

Сілаам быў не маленькай лужынкай, а вялікай ступеньчатай купальняй, куды спускаліся па шырокіх каменных прыступках. Ужо ў нашыя часы даследчыкі і археолагі выявілі, што гэта было месца, дзе збіраліся пілігрымы перад тым, як падымацца ў ерузалемскую святыню. Вада ў купальні паступала з крыніцы Гіхон праз тунэль цара Хізкіі, таму яна лічылася жывой, якая цячэ безупынна, а не стаіць на месцы. У габрэйскай традыцыі жывая вада — гэта вада ачышчэння, вада Божай прысутнасці, вада, якая дае жыццё. Таму Езус пасылае сляпога не проста да вады, але да жывой вады, якая наўпрост сімвалізуе Божую ласку. Ідучы да Сілаама, сляпы ідзе шляхам пілігрымаў, шляхам тых, хто шукае Бога, накіроўваючыся да святыні ў Ерузалеме. Але ён ідзе не дзеля рытуалу — ён ідзе дзеля сустрэчы, дзеля святла, дзеля новага жыцця.

Падзея ў купальні Сілаам — правобраз хросту. Вада, якая ачышчае сляпога, нагадвае пра хрост, што нараджае чалавека для святла. Як сляпы вярнуўся відушчым, так і ахрышчаны атрымлівае здольнасць бачыць Божую праўду і жыць у святле Евангелля. Хрост — гэта не толькі пачатак, але і пастаяннае запрашэнне жыць як дзеці святла, не вяртаючыся да цемры, якая калісьці панавала ў нас. У сакрамэнтальным абмыцці нараджаецца сувязь дзяцей Божых з іх бясконца добрым Айцом — сувязь, якая не залежыць ад нашай дасканаласці, але ад Яго вернасці. І як вада Сілаама паступала з крыніцы, што б’е безупынна, так і Божая ласка струменіць у жыццё чалавека, калі той адкрывае сваё сэрца.

Рэакцыя навакольных на цуд паказвае, як цяжка чалавеку прыняць Божае дзеянне: адны бачаць надпрыроджаную з’яву, іншыя сумняваюцца, бо сапраўднае «пераўтварэнне» (грэц. μεταμόρφωσις) заўсёды выклікае недавер у тых, хто прывык да старых схем і клішэ. Чалавек, да якога дакранулася Божая ласка, становіцца новым, і свет не заўсёды гатовы яго прыняць. Мы таксама часта шукаем рацыянальныя тлумачэнні там, дзе Бог дзейнічае свабодна і нечакана. Слепата сэрца — калі чалавек бачыць вачыма, але не бачыць душой. На гэтым фоне сведчанне аздароўленага гучыць асабліва проста: «Гразь паклаў мне на вочы, я абмыўся — і бачу» (Ян 9, 15). Ён не будуе складаных аргументаў, не спрабуе пераканаць — проста сведчыць пра тое, што зрабіў Бог. І ў гэтай прастаце — яго сіла. Ён паступова пазнае Езуса: спачатку як прарока, потым як Месію, і яго шлях веры становіцца выклікам для тых, хто лічыў сябе знаўцам Пісання. Фарысеі, не здольныя прыняць праўду, выганяюць яго прэч, гэта паказвае тое, што іх цемра глыбейшая за фізічную слепату, яны калекія сваімі сэрцамі (пар. Ян 9, 34). Мы можам стаць падобнымі да фарысеяў, калі клапоцімся пра форму больш, чым пра дух, калі судзім хутчэй, чым любім, апраўдваем, служым іншым, шукаем Божай волі, калі трымаемся ўпарта і эгаістычна сваіх схем і шаблонаў, не дазваляем Богу напоўніць нас сваёй ласкай. Сляпы адкрывае вочы праз сваю паслухмянасць і абсалютны давер, а тыя, хто лічыў сябе відушчым, застаюцца ў цемры сваёй зацвярдзеласці сэрцаў і розуму (пар. Ян 9, 41).

І менавіта на гэтым кантрасце — паміж адкрытасцю і закрытасцю, паміж даверам і пыхай, паміж святлом і цемрай — гісторыя выходзіць на сваю найглыбейшую кропку. Бо калі адзін чалавек адкрыўся Божаму дзеянню і атрымаў святло, то іншыя, якія павінны былі распазнаць Божую прысутнасць, адкінулі яго і выгналі прэч. Ён застаўся адзін: без падтрымкі, без абароны, без супольнасці, якая павінна была радавацца яго аздараўленню. І вось у гэтай адзіноце, у момант, калі чалавечая несправядлівасць дасягае свайго піку, калі ўсе дзверы перад ім зачыняюцца, адбываецца тое, што робіць гэты аповед сапраўднай евангельскай гісторыяй: Езус сам знаходзіць яго (пар. Ян 9, 35). Не сваякі, не суседзі, не фарысеі — сам Пан. Той, хто даў яму фізічны зрок, цяпер хоча адкрыць яму ў поўні зрок духоўны. І тады гучыць пытанне, якое патрабуе не толькі розуму, але і сэрца: «Ці верыш ты ў Сына Чалавечага?» (Ян 9, 35). Гэта не проста тэалагічнае пытанне — гэта запрашэнне да сустрэчы, да даверу, да адкрыцця сябе. Аздароўлены адказвае з пакорай: «А хто Ён, Пане?» — бо яго вера яшчэ ў дарозе, яна расце, яна шукае (пар. Ян 9, 36). І Езус адкрываецца: «Ты ўжо бачыў Яго» (Ян 9, 37). У гэты момант чалавек не проста разумее — ён пазнае. Ён бачыць не толькі вачыма, але і душой. І яго адказ — «Веру, Пане» — становіцца не проста прызнаннем, а пакланеннем, рухам сэрца, якое нарэшце знайшло Таго, каго шукала ўсё жыццё (пар. Ян 9, 38). Гэта не проста словы, а новае жыццё, новае святло, якое нельга патушыць. Гэта вяршыня чалавечага адказу на Божы дар, калі вера становіцца пакланеннем, а пакланенне — жыццём.

Гісторыя пра сляпога — гэта шлях ад цемры да святла, шлях, які праходзіць кожны чалавек. Слепата ад нараджэння нагадвае пра стан душы без Бога; цуд аздараўлення адкрывае, што Божая ласка здольная вярнуць зрок таму, хто ніколі не бачыў; слепата фарысеяў паказвае небяспеку пыхі, якая робіць чалавека глухім да праўды; вера аздароўленага становіцца прыкладам таго, як адкрытае сэрца прымае Божае дзеянне. Евангелле кліча нас адкрыць вочы для святла, дазволіць Пану дакрануцца да нашых ранаў і весці нас да паўнаты жыцця. Хрыстус — Святло свету, і кожны з нас пакліканы несці гэта святло далей, каб у свеце, напоўненым духоўнай цемрай, з’яўляліся новыя асяродкі Божай прысутнасці.

Святло, якое Езус адкрыў сляпому, — тое самае святло, якое Ён хоча запаліць у кожным з нас. Але каб яно заззяла, патрэбна адвага: прызнаць сваю слепату, дазволіць Богу дакрануцца да таго, што балюча; выйсці з цемры, у якой мы прывыклі жыць; ступіць на шлях, які не заўсёды зразумелы, але заўсёды вядзе да святла. Духоўнае прасвятленне — гэта шлях даверу, бо Бог часта выкарыстоўвае тое, што нам непрыемна або цяжка, каб адкрыць нашы вочы. Часам Ён пасылае нас у наш уласны «Сілаам» — у месца, дзе нас чакае аздараўленне, нават калі мы не хацелі б туды ісці. І калі мы прымаем гэты шлях, Дух Святы перамяняе нашы раны ў спачуванне, слабасць — у сілу, цемру — у святло.

Святло Божае заўсёды сустракае супраціўленне, бо яно выкрывае тое, што мы хацелі б схаваць. Але яно заўсёды перамагае, бо яго крыніца — вечны Бог, які не пакідае чалавека ў цемры, калі той хоць крыху адкрывае сэрца. Таму вера — гэта не страх перад цемрай, а ўпэўненасць у святле, якое ўжо ідзе насустрач. І калі мы, падобна аздароўленаму чалавеку, адважымся адкрыць сэрца і вочы на праўду, якую прапануе Езус, то пакланенне Хрысту стане не знешнім жэстам, а рухам душы, што нарэшце знайшла Таго, каго шукала.

Святло, якое дае Хрыстус, можа стаць святлом, якое мы панясём у свет, што так прагне яго, нават калі сам гэтага не ўсведамляе. Бо кожны, хто дазволіць Хрысту адкрыць свае вочы, становіцца крыніцай святла для іншых — як свечка, запаленая ад агню, які ніколі не згасае. Няхай жа гэтае святло, што запальваецца падчас нашай асабістай сустрэчы з Панам, распаўсюджваецца далей — у нашы сем’і, у нашы супольнасці, у наш свет, каб цемра ніколі не авалодала ім.

Разважанне падрыхтаваў кс. кан. д-р Сяргей Сурыновіч