- Каталіцкі Веснік - https://catholicnews.by -

Разважанне на ІІІ Нядзелю Вялікага посту. Год С. 20 сакавіка

[1]Евангелле Лк 13, 1-9

У той час прыйшлі некаторыя і расказалі Езусу пра галілеян, кроў якіх Пілат змяшаў з іх ахвярамі. Езус адказаў ім на гэтае: Думаце, што гэтыя галілеяне былі большымі грэшнікамі за ўсіх галілеян, бо так пацярпелі? Не. Кажу вам, але калі не пакаецеся, усе таксама загінеце. Думаеце, што тыя васемнаццаць, на якіх звалілася сілаамская вежа і забіла іх, былі больш вінаватыя за ўсіх людзей, якія жылі ў Ерузалеме? Не. Але кажу вам, калі не пакаецеся ўсе таксама загінеце.

І расказаў вось якую прыпавесць: Адзін чалавек меў у вінаградніку сваім пасаджаную смакоўніцу і прыйшоў шукаць плоду на ёй, і не знайшоў. І сказаў вінаградару: Вось я трэці год прыходжу шукаць плоду на гэтай смакоўніцы, і не знаходжу. Ссячы яе. Навошта яна займае зямлю?

Але той сказаў яму ў адказ: Пане, пакінь яе на гэты год. Я абкапаю яе і абкладу ўгнаеннем. Можа, прынясе плод у будучым, а калі не, ссячэш яе.

У перыяд Вялікага посту асабліва важнымі з’яўляюцца для нас словы Езуса пра ўласнае навяртанне і пакаянне. Сапраўды, у жыцці чалавека і цэлых народаў бывае вельмі шмат катаклізмаў і катастрофаў. Аднак, што самае важнае для нас? Асабістае навяртанне. Евангеліст Лука прыводзіць прыклад людзей, якія загінулі ад рук рымлянаў і таксама прыводзіць прыклад людзей, якія загінулі ў выніку трагічнага здарэння. Аднак, і для слухачоў Езуса і для нас сёння важна засяродзіцца менавіта над сваім жыццём. Мы суперажываем з тымі, хто церпіць, але важна не пакінуць па-за ўвагай сваё духоўнае жыццё.

Калі не пакаецеся ўсе таксама загінеце… – кажа Езус. Чаму пакаянне такое неабходнае? Таму што яно дазваляе стаць у праўдзе перад Богам, які ёсць любоўю. У неба немагчыма ўвайсці, калі чалавек атрымлівае асалоду ад жыцця ў граху і цемры. Нам неабходнае ачышчэнне, каб прынесці плод. Бог пакідае нам неабходны час, як той смакоўніцы з прыпавесці.

Няхай у Вялікім посце ў нашым жыцці будзе больш спагады і міласэрнасці для другога чалавека. Божа, дапамажы нам пазбавіцца ад эгаізму і ўсяго таго, што не дае Тваёй ласцы ў нас прынесці багаты плён.

Разважанне падрыхтаваў кс. канонік Віктар Місевіч