Разважанне на IІІ Нядзелю Адвэнту. Год А. 11 снежня

Евангелле Мц 11, 2–11

Калі Ян пачуў у вязніцы пра чыны Хрыста, паслаў вучняў сваіх спытаць Яго: Ты той, які павінен прыйсці, ці нам чакаць іншага? І сказаў ім Езус у адказ: Ідзіце, абвясціце Яну тое, што чуеце і бачыце: сляпыя зноў бачаць і кульгавы ходзяць, пракажоныя ачышчаюцца і глухія чуюць, памерлыя ўваскрасаюць і ўбогім абвяшчаецца Добрая Навіна. І шчаслівы той, хто не будзе сумнявацца ўва Мне.

Калі ж яны пайшлі, Езус пачаў гаварыць народу пра Яна: На што выйшлі вы ў пустыню глядзець? На трысціну, якую вецер хістае? На што ж вы хадзілі глядзець? На чалавека, апранутага ў мяккія шаты? Тыя, хто носіць мяккія шаты, знаходзяцца ў каралеўскіх дамах. На што вы хадзілі глядзець? На прарока? Так, кажу вам, і нават больш, чым на прарока. Гэта той, пра каго напісана: Вось Я пасылаю анёла Майго перад Табою, які падрыхтуе Табе дарогу. Сапраўды кажу вам: сярод народжаных жанчынамі не з’явіўся большы за Яна Хрысціцеля. Але найменшы ў Нябесным Валадарстве — большы за яго.

Сучасны чалавек на простае пытанне чакае простага адказу. Нам таксама падаецца, што на запыт Яна Хрысціцеля Езусу прасцей за ўсё было б адказаць адным словам: Так. Аднак, Езус адказвае некалькімі радкамі. Чаму? Уважлівы чытач заўважыць падабенства словаў Езуса да словаў прарока Ісаі са Старога Запавету. Такім чынам Божы Сын хоча сказаць Яну Хрысціцелю, які несумненна ведаў прароцтва Ісаі, што Ён – той, хто мае прыйсці. Ён – Месія. У нашым жыцці мы таксама, бывае, чакаем ад Бога хуткіх адказаў і хуткіх рашэнняў. А што, калі Бог маўчыць? Што, калі мы Яго не чуем і не разумеем? Думаю, тады варта звярнуцца да Божага слова, сказанага стагоддзі раней. Бо, хоць яно і было прамоўленае на чужой мове і было скіравана да іншых адрасатаў, яно ўсцяж застаецца дзейным, дзейсным і актуальным.

Езус кажа, што сярод народжаных жанчынамі не з’явіўся большы за Яна Хрысціцеля. Але найменшы ў Нябесным Валадарстве — большы за яго. Што гэта значыць? Гэта значыць, што Ян, пакуль яшчэ застаючыся прарокам Старога Запавету, не можа адчуць на сабе цалкам наступстваў адкуплення чалавецтва, здзейсненага Божым Сынам. Мы ведаем, што пасля смерці і ўваскрасення Хрыста перад кожным чалавекам з’явілася цудоўная перспектыва быць удзельнікам Божага Валадарства. Такім чынам, кожны, хто радуецца агляданню Божага аблічча ў небе, неверагодна больш шчаслівы, чым Ян Хрысціцель на зямлі.

Касцёл нам ставіць у Адвэнце вобраз гэтага прарока, каб мы стараліся быць да яго падобнымі. Цікава, што святы Роберт Белармін, настаўнік Касцёла, заўважае, што асабліва гэты абавязак маюць прапаведнікі і бацькі сем’яў. Таму што менавіта ім асабліва належыць быць тымі, хто рыхтуе дарогу Пану, хто навучае праўдзе і спраўляе памылкі.

Разважанне падрыхтаваў кс. канонік Віктар Місевіч

для друку для друку

Веснік-відэа

Варта паглядзець

Святыя заступнікі