“У той час:
Стаяў Ян Хрысціцель і двое з вучняў ягоных і, калі ўбачыў Езуса, які ішоў, сказаў: Вось Ягнё Божае. І пачулі двое вучняў яго, што ён сказаў, і пайшлі за Езусам.
А Езус, азірнуўшыся і ўбачыўшы, што яны ідуць за Ім, сказаў: Чаго шукаеце?
Яны сказалі Яму: Раббі (што азначае «настаўнік»), дзе жывеш?
Ён сказаў ім: Ідзіце і ўбачыце. Яны пайшлі і ўбачылі, дзе Ён жыве, і засталіся ў Яго ў гэты дзень. Было ж каля дзесятай гадзіны.
Андрэй, брат Сымона Пятра, быў адным з двух, якія пачулі ад Яна пра Езуса і пайшлі за Ім. Знайшоў ён спачатку брата свайго Сымона і кажа яму: Мы знайшлі Месію (гэта значыць Хрыста). І прывёў яго да Езуса. Езус, глянуўшы на яго, сказаў: Ты Сымон, сын Яна; ты будзеш названы Кефас (што азначае «Пётр», «скала»)”.
У сённяшнім урыўку з Евангелля Ян Хрысціцель паказвае Езуса, як «Ягнё Божае». Два вучні Хрысціцеля вельмі зацікавіліся фігурай Езуса і пайшлі ўслед за ім. Езус азіраецца і задае ім пытанне: “Чаго шукаеце?”. І атрымлівае адказ: “Раббі, дзе жывеш?”.
І Езус запрашае іх: “Ідзіце і ўбачыце”. Яны пайшлі і ўбачылі, дзе жыве Езус, і ў той дзень засталіся з Ім.
Тут мы бачым, што Евангелле вельмі стрымана апісвае гэты факт, не дае шмат інфармацыі аб тым, дзе жыве Езус – у доме ці ў намёце. Але толькі кажа: “Яны пайшлі і ўбачылі, дзе Ён жыве, і засталіся ў Яго ў гэты дзень”. Гэтым евангеліст Ян падкрэслівае важнасць тэмы спаткання з Панам.
Кожнаму з нас неабходна даведацца дзе жыве Езус, дзе можна з Ім спаткацца, каб пазней застацца разам з Ім. Хрысціянскае жыццё заключаецца ў бесперапынным пошуку месца, дзе жыве Езус і пастаянным жаданні жыць разам з Ім. Пазней, Ян ў Евангеллі дасць больш канкрэтныя напрамкі адносна гэтага, скажа, што Езус прабывае ў Айцу і Айцец у Ім (Ян 14,10-11). Езус прабывае ў Айцу, Ён заўсёды выконвае волю Айца. Гэтым Ён дае нам прыклад: шукаць, прабываць і выконваць волю нашага нябеснага Айца.
Але як нам гэта зрабіць? Вельмі проста: “Хто спажывае Маё Цела і п’е Маю Кроў, трывае ўва Мне, а Я ў ім. Як паслаў Мяне Айцец, які жыве, а Я жыву праз Айца, так і той, хто спажывае Мяне, будзе жыць праз Мяне” (Ян 6, 56-57). Наш удзел у святой Імшы павінен стаць глыбокім спатканнем з Панам. Настолькі глыбокім, каб Пан мог прабываць у нас, а мы ў Ім.
Езус прабывае таксама і ў любові. Калі мы прабываем у любові, жывём ёю, — да Бога і да бліжняга, то таксама прабываем у Богу, а Бог у нас. Існуюць розныя магчымасці жыць любоўю. У кожнай акалічнасці існуе свая магчымасць, але галоўнае — захаваць гэтыя блізкія адносіны з Езусам, гэтае ўзаемнае прабыванне ў любові паміж намі і Ім.
Вельмі дапамагае нам наладзіць узаемаадносіны з Езусам малітва, разважанне над Божым Словам, іншыя духоўныя практыкі, але гэтага недастаткова. Усё нашае штодзённае жыццё павінна быць з’яднанае з Езусам, “бо, як цела без духу мёртвае, так і вера мёртвая без учынкаў” (Як 2, 26). Разам з малітвай заўсёды павінны ісці справы любові, міласэрнасці, справы сапраўднага хрысціянскага жыцця.
Разважанне падрыхтаваў кс. Аляксей Ляшко