На пачатку было Слова,
і Слова было ў Бога,
і Богам было Слова.
Яно было ў Бога спрадвеку.
Усё праз Яго сталася,
і без Яго нічога не сталася з таго, што сталася.
У Ім было жыццё,
і жыццё было святлом людзей.
А святло свеціць у цемры,
і цемра не агарнула яго.
З’явіўся чалавек, пасланы ад Бога;
імя ягонае было Ян.
Ён прыйшоў дзеля сведчання,
каб засведчыць пра Святло,
каб усе паверылі праз яго.
Не быў ён святлом, але быў пасланы,
каб сведчыць пра Святло.
Было Святло праўдзівае,
якое асвятляе кожнага чалавека,
які прыходзіць на свет.
У свеце было,
і свет праз Яго стаўся,
і свет не пазнаў Яго.
Прыйшло да свайго,
і свае Яго не прынялі.
А тым, хто прыняў Яго,
дало ўладу стаць Божымі дзецьмі,
тым, хто верыць у імя Ягонае,
хто ні ад крыві,
ні ад жадання цела,
ні ад жадання мужа,
але ад Бога нарадзіўся.
Слова сталася целам
і пасялілася між намі,
і бачылі мы славу Ягоную,
славу, якую мае ад Айца Адзінародны,
поўны ласкі і праўды.
Ян сведчыць пра Яго і ўсклікае, кажучы: Гэта быў той, пра якога я сказаў: за мною ідзе той, які апярэдзіў мяне, таму што быў раней за мяне. І з паўнаты Ягонай мы ўсе прынялі ласку замест ласкі. Бо Закон быў дадзены праз Майсея, ласка і праўда сталіся праз Езуса Хрыста. Бога ніхто ніколі не бачыў. Адзінародны Бог, які ва ўлонні Айца, Ён аб’вясціў.
Шматлікія мысляры і філосафы на працягу гісторыі задумваліся пра Бога і спрабавалі акрэсліць Яго, зразумець і знайсці. І па сённяшні дзень існуе безліч розных вучэнняў і тэорый на гэтую тэму. У сённяшнім урыўку з Евангелля евангеліст Ян перадае нам канкрэтную праўду пра Бога. Ён – Слова, якое пануе ў рэчаіснасці зямной і нябеснай. Больш таго, Слова – гэта і ёсць Стварыцель. Дзякуючы Яму ўсё мае магчымасць існаваць. Менавіта з Ім прыходзіць дар і моц. Прыгожае паэтычнае тлумачэнне гэтага знаходзім у прарока Ісаі.
Падобна як дождж і снег падае з неба і туды не вяртаецца, але поіць зямлю і робіць яе ўрадлівай, і яна родзіць, і прыносіць плён сейбіту і хлеб для таго, хто есць, так і слова Маё, якое выходзіць з вуснаў Маіх, не вернецца да Мяне без плёну, пакуль не споўніць тое, што Я хацеў, і з поспехам не дасягне таго, дзеля чаго Я паслаў яго. (Іс 55,10-11).
Езус, другая асоба Святой Тройцы, Божы Сын, прымае цела чалавека. Ён прыходзіць да сваіх. Ён нас называе сваімі блізкімі. Ці прымем мы Яго? Сэрца чалавека – гэта, бадай што, адзінае месца, дзе Бог выглядае безабаронна і разлічвае на чалавечую згоду і спагаду. Уцелаўленне Божага Сына – гэта таямніца, якую не спасцігнуць за вечнасць. У Ім сышлося вечнае і часовае, моц і слабасць, пастаяннае і зменлівае. І ўсё гэта толькі для адной мэты: каб абагавіўся чалавек.
Разважанні падрыхтаваў кс. Віктар Місевіч