У пятнаццаты год панавання Тыберыя цэзара, калі Понцій Пілат панаваў у Юдэі, а Ірад быў тэтрархам у Галілеі, Філіп, брат ягоны — тэтрархам у Ітурыі і Траханідскім краі, а Лізанія — тэтрархам у Абіленах; пры першасвятарах Анне і Каяфе, было скіравана слова Божае да Яна, сына Захарыі, у пустыні. І ён абходзіў усе ваколіцы Ярдана і прапаведаваў хрост пакаяння для адпушчэння грахоў, як напісана ў кнізе прамоў прарока Ісаі:
Голас таго, хто кліча ў пустыні: падрыхтуйце дарогу Пану, раўняйце сцежкі Яму! Кожная даліна ўзвысіцца, кожная гара і пагорак панізяцца, і выбоістыя дарогі стануць раўнінай, і ланцугі гор — далінаю. І ўбачыць кожнае цела Божае збаўленне.
Пачатак сённяшняга ўрыўка Евангелля перапоўнены падрабязнасцямі гістарычных асобаў. Мы можам крыху нават стаміцца, спрабуючы выясніць, хто ж гэта такія тэтрархі і дзе былі на мапе свету тыя абшары, якімі яны валодалі і кіравалі. Евангеліст Лука спецыяльна прыводзіць такое дакладнае апісанне месца і часу, калі Божае слова было скіраванае да Яна Хрысціцеля.
Гэтым самым евангеліст падкрэслівае, што Бог дзейнічае ў людской гісторыі. Ён зусім не забыўся пра створаны Ім свет, а наадварот хоча прынесці збаўленне для ўсіх людзей. Праз тысячы гадоў ад тых падзей у Юдэйскай пустыні мы зусім не памятаем, хто быў дзе якім тэтрархам і нават з цяжкасцю ўспомнілі б імя рымскага імператара Тыберыя, калі б нам не прыпомніў гэта евангеліст Лука. Для сучаснікаў Яна Хрысціцеля гэтыя імёны былі вядома ж важнымі. Людзі ведалі, хто імі кіруе, напэўна пабойваліся сваіх уладароў і шанавалі іхнюю ўладу. Але што зрабіла з гэтымі гістарычнымі асобамі гісторыя? Яны пражылі свой век і сёння мы пра іх зусім не памятаем.
Затое ведаем, хто такі Ян Хрысціцель! Мы чытаем Евангелле і слухаем яго слова з пустыні ў перыяд Адвэнту, таму што ўсведамляем сабе, што яно для нас важнае! Дзіўны прарок з пустыні сёння выходзіць на першае месца. І няўмольная пані гісторыя нічога не можа зрабіць з тым, хто прыняў Божае слова і выканаў Божую волю. Мінаюць гады, адыходзяць імператары і прэзідэнты, мяняюцца межы краін, адыходзяць у забыццё гісторыі самыя знакамітыя людскія справы і асобы. А вечным, заўсёды цікавым і актуальным застаецца Бог і Ягонае Слова. Слухайма яго і выконвайма.
Разважанне падрыхтаваў кс. канонік Віктар Місевіч