- Каталіцкі Веснік - https://catholicnews.by -

Разважанне на І нядзелю Вялікага посту. Год А. 26 лютага

[1]Евангелле Мц 4, 1–11

У той час:

Дух вывеў Езуса ў пустыню, каб д’ябал выпрабоўваў Яго. І пасціў Ён сорак дзён і сорак начэй, і нарэшце згаладаўся. Тады падышоў да Яго спакушальнік і сказаў Яму: Калі Ты Сын Божы, скажы, каб гэтыя камяні сталі хлебам. А Ён сказаў у адказ: Напісана: не хлебам адным будзе жыць чалавек, але кожным словам, што выходзіць з вуснаў Божых.

Тады ўзяў Яго д’ябал у святы горад, паставіў на версе святыні і сказаў: Калі Ты Сын Божы, кінься ўніз, бо напісана: Анёлам сваім загадае наконт Цябе, і на руках панясуць Цябе, каб Ты часам не спатыкнуўся аб камень нагою сваёй. Езус сказаў Яму: Напісана таксама: не будзеш выпрабоўваць Пана Бога твайго.

Д’ябал зноў узяў Яго на вельмі высокую гару і паказаў Яму ўсе валадарствы свету і славу іх, кажучы: Усё гэта дам Табе, калі ўпадзеш і паклонішся мне. Тады сказаў яму Езус: Адыдзі, сатана, бо напісана: Пану Богу твайму будзеш пакланяцца і Яму аднаму будзеш служыць.

Тады д’ябал пакінуў Яго, і вось Анёлы падышлі і служылі Яму.

Ні адзін чалавек не свабодны ад спакус, нават Езус Хрыстус. У першую нядзелю Вялікага посту Езус накіроўваецца ў пустыню, дзе Яго спакушае д’ябал. Тры спакушэнні Езуса ў пустыні перасцерагаюць нас ад спакус і адначасова паказваюць, наколькі небяспечна паддацца злу.

Чалавек любога ўзросту і эпохі ўвесь час падвяргаецца спакусам. Спакуса — гэта запрашэнне да зла, якое зыходзіць знутры або звонку. Святы Аўгустын вылучае тры ўзроўні спакус: прапанаваць спакусу, упадабаць і дазволіць. Існуюць трывалыя спакусы, што паўтараюцца, гвалтоўныя і схаваныя. У выпадку схаванай спакусы чалавек не заўважае, што яго спакушаюць. Бываюць таксама падманлівыя спакусы, калі зло падаецца нам дабром.

Святы Ігнацый з Лаёлы кажа так: “Калі маеш спакусы, то яны яшчэ не з’яўляецца грахом. Але калі пачынаеш дыскутаваць са спакусай – ужо ўпаў”. І першая рэч, якая вельмі важная для нас у барацьбе са спакусамі, – з праціўнікам нельга ўваходзіць у дыскусію.

Хутчэй за ўсё, д’ябал не будзе спакушаць нас такімі вялікімі спакусамі, якімі выпрабоўваў Езуса. Тым не менш, мы штодня сутыкаемся са спакусамі. Мы пераадольваем злога, ставячы Бога на першае месца ў нашым жыцці ва ўсіх адносінах. Няхай нас не знеахвочваюць падзенні, бо ўсё магчыма для таго, хто даверыўся Богу і даверыў Яму сваё жыццё. Усведамляючы ўласныя слабасці, звернемся да Бога з пакорным клічам: “Змілуйся, Пане, бо мы грэшныя”. Няхай гэтымі словамі будзе прасякнута наша велікапоснае падарожжа да Вялікадня.

Разважанне падрыхтаваў кс. д-р Сяргей Сурыновіч