У той час:
Калі Езус пачуў пра смерць Яна Хрысціцеля, Ён асобна адплыў адтуль на чоўне ў пустыннае месца, а натоўпы людзей, пачуўшы гэта, пайшлі за Ім пехатою з гарадоў. Выйшаўшы з чоўна, Езус убачыў вялікі натоўп людзей, і злітаваўся над імі, і аздаравіў хворых іхніх.
Калі ж настаў вечар, Ягоныя вучні падышлі да Яго і сказалі: Пустыннае месца гэтае і гадзіна ўжо позняя; адпусці народ, каб яны пайшлі ў вёскі і купілі ежы сабе. Езус сказаў ім: Не трэба ім ісці, вы дайце ім есці.
Яны ж кажуць яму: У нас тут толькі пяць хлябоў і дзве рыбы. Ён сказаў: Прынясіце іх Мне сюды.
Пасля Ён загадаў народу сесці на траву, узяў пяць хлябоў і дзве рыбы, паглядзеў на неба, благаславіў і, паламаўшы, даў хлеб вучням, а вучні – народу. І елі ўсе і насыціліся, і з кавалкаў, што засталіся, сабралі дванаццаць поўных кашоў. А тых, хто еў, было каля пяці тысяч чалавек, не лічачы жанчын і дзяцей.
Цуд, які здзяйсняе Езус у сённяшнім Евангеллі, паказвае клопат і літасцівасць Месіі і, у той жа час, Яго Боскую моц. Ён апярэджвае і становіцца прадвеснікам цуду найвялікшага, як Ян Хрысціцель быў прадвеснікам Хрыста, сённяшняя падзея рыхтуе народ да здзяйснення падзеі, на ўспамін Яго ахвяры, гэта значыць Эўхарыстыі, сакрамэнту Яго Цела і Крыві, якія былі ахвяраваныя дзеля не толькі дзеля ацалення і насычэння людзей у фізічным плане, але дзеля збаўлення свету.
Народ, які ішоў за Езусам, які зрэшты шмат вандраваў, аздараўляючы хворых, дапамагаючы бедным, чынячы справядлівасць, навучаючы, — нібы кіраваўся ўнутраным прадчуваннем. Менавіта ўнутраны голас дазваляў ім распазнаць Збаўцу, падказваў, дзе шукаць праўду і міласэрнасць, а калі трэба, то і ацаленне і паратунак. Гэтае прадчуванне падказвала ім, дзе яны будуць адчуваць сябе бяспечнымі.
Ва ўсіх нашых жыццёвых сітуацыях і месцах, дзе мы жывём і знаходзімся, Езус прабывае з намі ў любові, адорвае нас міласэрнасцю і пяшчотай, заўсёды імкнецца нас суцешыць і выцерці нашы слёзы.
У сённяшнім Евангеллі, людзі, што ішлі за Месіяй, прабывалі ў пустынным месцы. На першы погляд, гэтае месца цалкам пазбаўлена ўмоў для жыцця, але дастаткова прысутнасці Збаўцы, каб усё расцвіло, насыцілася і напоўнілася ды забуяла жыццём.
Менавіта у падобных экстрэмальных умовах, здавалася б, у безнадзейных сітуацыях Езус вылечваў хворых, суцяшаў засмучаных і карміў галодных. Гэтыя цуды паказалі людзям Праўду, якая дае надзею, якая гарантуе бяспеку: вось Божы Сын, які схіляецца над слабым, галодным і абяздоленым чалавекам. Прыйдзе час, калі для чалавека Езус узыдзе на Крыж, каб выявілася найвялікшая Яго любоў да кожнага з нас, насычаючы нас надзеяй на вечнае жыццё.
Разважанне падрыхтаваў кс. д-р Сяргей Сурыновіч
