- Каталіцкі Веснік - https://catholicnews.by -

Разважанне на ХVII звычайную нядзелю. Год А

[1]Евангелле Мц 13, 44–46

У той час:

Езус сказаў народу: Валадарства Нябеснае падобнае да скарбу, схаванага ў полі, які знайшоў чалавек і ўтаіў. У радасці ад гэтага ён ідзе і прадае ўсё, што мае, і купляе гэтае поле.

Яшчэ Валадарства Нябеснае падобнае да купца, які шукае прыгожых пярлін. Знайшоўшы адну каштоўную пярліну, ён ідзе і прадае ўсё, што мае, і купляе яе.

Два падабенствы да Нябеснага Валадарства, якія чуем ў сённяшнім Евангеллі з вуснаў Збаўцы, запрашаюць нас зазірнуць і захінуцца ўнутр, у самую глыбіню нашых сэрцаў, каб знайсці ўтоенае і схаванае ад звычайнага позірку і штодзённасці.

Большасць людзей у сучасным свеце заклапочана штодзённымі рэчамі, неабходнымі для жыцця, пабудовай сваёй уласнай кар’еры, нагрувашчваннем дабрабыту, пошукам забаў ды весялення. Чалавек не задумваецца, што ўсе гэтыя рэчы часовыя, патрэбныя, але не з’яўляюцца той каштоўнасцю, якая б мела найвышэйшую вартасць, была б сапраўдным скарбам.

Скарб, які прапануе Езус, схаваны глыбока ў нашай душы, у самым цэнтры нашай істоты. Гэта Валадарства Божае.

Знайсці гэты скарб магчыма чалавеку, які гатовы прыкласці шмат намаганняў і працы, якая палягае і вядзе да сустрэчы з Любоўю, таямнічым чынам з Крыніцай жыцця, прыгажосці, праўды і дабра і трыванні ў гэтым, пакуль не скончыцца час нашай пілігрымкі і мы не вызвалімся ад усялякіх бескарысных каштоўнасцяў і прыярытэтаў. Валадарства Нябеснае, якое мы шукалі, дзеля якога мы жылі, шанавалі ў нашых сэрцах праз веру і любоў, раскрыецца, як кветка, і з’явіцца святло схаванага і знойдзенага скарбу.

Разважанне падрыхтаваў кс. д-р Сяргей Сурыновіч