- Каталіцкі Веснік - https://catholicnews.by -

Разважанне на ХV звычайную нядзелю. Год А

[1]Евангелле Мц 13, 1–9

У той дзень Езус выйшаў з дому і сеў каля мора. І сабралася каля Яго мноства народу, так што Ён увайшоў у човен і сеў, а ўвесь народ стаяў на беразе. І шмат гаварыў ім ў прыпавесцях, кажучы:

Вось выйшаў сейбіт сеяць. І калі ён сеяў, адны зярняты ўпалі пры дарозе, і наляцелі птушкі, і паклявалі іх. Другія ўпалі на камяністае месца, дзе не было шмат глебы, і адразу прараслі, бо зямля была неглыбокай. Калі ж узышло сонца, яны завялі і з-за таго, што не мелі каранёў, засохлі. Іншыя зярняты ўпалі ў церні, і выраслі церні, і заглушылі іх. А яшчэ іншыя ўпалі на добрую зямлю і прынеслі плён: адно ў сто разоў, другое ў шэсцьдзесят, а іншае ў трыццаць.

Хто мае вушы, няхай слухае!

Сённяшняе Евангелле пра сейбіта з’яўляецца своеасаблівым рахункам сумлення з нашага рэлігійнага жыцця, вернасці Божаму слову і быцця хрысціянамі. Прыпавесць ўздымае важныя пытанні аб нашых адносінах з Божым Словам: як яго мы слухаем і наколькі імкнёмся зразумець, як моцна мы стараемся трываць у Хрысце, ці не дазваляем мы часовым клопатам, багаццям, каштоўнасцям гэтага свету нас паглынуць і зруйнаваць, ці прыкладваем намаганні, каб рэалізаваць пачутае Слова праз любоў да іншых, ці верныя мы Хрысту ў кожнай хвіліне нашага жыцця?

Сённяшняе Евангелле таксама расчыняе перад намі таямніцы Валадарства Божага, якія не даступныя нашаму ўспрыманню непасрэдна і прама, патрабуюць ад нас асаблівага ўмення бачыць і разумець тое, што схавана і ўтоена. У прыпавесцях праз выкарыстаныя вобразы, Езус навучанне нас пра саму сутнасць жыцця Божым Словам. Праз матэрыяльныя і зразумелыя кожнаму рэчы і працэсы, што адбываюцца ў прыродзе, Хрыстус набліжае нас да разумення і асэнсавання рэчаіснасці нематэрыяльнай, свету духоўнага. Мы не можам цалкам авалодаць таямніцай Валадарства Нябеснага тут на зямлі, бо ў рэшце рэшт яна звязаная з сутнасцю самога Бога, але гэтая таямніца прысутнічае, дзейнічае, і прыносіць свой плён у кожным сэрцы, якое адкрытае на Бога і Яго Слова.

Разважанне падрыхтаваў кс. д-р Сяргей Сурыновіч