- Каталіцкі Веснік - https://catholicnews.by -

Разважанне на ХІХ звычайную нядзелю. Год А

[1]Евангелле Мц 14, 22–33

Калі натоўп быў накормлены, Езус адразу ж загадаў вучням сваім сесці ў човен і пераплысці на другі бок перад Ім, пакуль Ён адпусціць народ. Адпусціўшы народ, Ён падняўся на гару памаліцца ў самоце. Калі настаў вечар, заставаўся там адзін.

Тым часам човен ужо адплыў шмат стадыяў ад берага. І кідалі яго хвалі, бо вецер быў супраціўны. У чацвёртую ж варту ночы Езус пайшоў да іх, ідучы па моры. А вучні, убачыўшы, як Ён ідзе па моры, спалохаліся і казалі: Гэта прывід. I ад страху закрычалі. Але Езус адразу загаварыў з імі і сказаў: Будзьце адважнымі, гэта Я, не бойцеся.

Пётр сказаў Яму ў адказ: Пане, калі гэта Ты, загадай мне ісці да Цябе па вадзе. Ён жа сказаў: Ідзі. Выйшаўшы з чоўна, Пётр пачаў ісці па вадзе і падышоў да Езуса. Але, убачыўшы моцны вецер, спалохаўся і, пачаўшы тануць, закрычаў: Пане, ратуй мяне! Езус адразу ж працягнуў руку, схапіў яго і сказаў яму: Малаверны, чаму засумняваўся ты? Калі ўвайшлі яны ў човен, вецер сціх. А тыя, хто быў у чоўне, пакланіліся Яму і сказалі: Ты сапраўды Сын Божы!

Падчас начнога знаходжання вучняў на чоўне пасярод возера здарылася раптоўная бура. Сярод бушуючай стыхіі, бачаць, што нехта, магчыма прывід, ідзе да іх па вадзе. Езус супакойвае: “Будзьце адважнымі, гэта Я, не бойцеся!”. Пётр адказвае: “Пане, калі гэта Ты, загадай мне ісці да Цябе па вадзе”. Езус кажа яму: “Ідзі!”. Пётр выходзіць з лодкі і робіць некалькі крокаў, а калі вецер і хвалі палохаюць яго, пачынае тануць. “Пане, ратуй мяне!”, — крычыць ён. Езус бярэ яго за руку і кажа: “Малаверны, чаму засумняваўся ты?”.

Здарэнне з сённяшняга Евангелля – гэта запрашэнне давяраць Богу ў кожны момант нашага жыцця, асабліва ў гадзіну выпрабаванняў і цяжкасцяў. Калі мы пасярод “ночы” нашага жыцця не можам разглядзець Хрыста, адчуваем моцныя сумневы і страх, калі нам здаецца, што мы тонем, не трэба саромецца крычаць і прасіць літасці ў Збаўцы: “Пане, ратуй мяне!» У гэтых сітуацыях можа з’явіцца спакуса падумаць, што Бог пакінуў нас. Але на самой справе менавіта ў гэтыя хвіліны сведчанне веры, любові і надзеі найбольш яскравае.

Лодка ў буры – гэта вобраз Касцёла, які ў кожнай эпосе сутыкаецца з вятрамі, часам вельмі цяжкімі выпрабаваннямі: тут варта згадаць пра выпадкі доўгага і крывавага пераследу мінулага стагоддзя і цяперашняга часу. Давер Хрысту – гэта ў разгар “буры” жыццёвых цяжкасцяў і спакус — трымаць сваё сэрца звернутым да Бога.

Разважанне падрыхтаваў кс. д-р Сяргей Сурыновіч